§ 23. Генетычны код і яго ўласцівасці

Участак малекулы ДНК, які змяшчае інфармацыю пра першасную структуру пэўнага бялку, рРНК ці тРНК, называецца генам. Перадача спадчыннай інфармацыі, якая змяшчаецца ў ДНК, да рыбасом, дзе адбываецца сінтэз бялкоў, ажыццяўляецца з дапамогай пасрэдніка — мРНК. Генетычны код — гэта сістэма запісу інфармацыі пра першасную структуру бялкоў у выглядзе паслядоўнасці нуклеатыдаў ДНК (мРНК). Асноўныя ўласцівасці генетычнага кода: трыплетнасць, адназначнасць, лішкавасць (выраджанасць), неперакрывальнасць, бесперапыннасць і ўніверсальнасць.