§ 22. Фотасінтэтычныя пігменты. Светлавая фаза фотасінтэзу

Фотасінтэз — працэс утварэння арганічных рэчываў з вуглякіслага газу і вады, які адбываецца з паглынаннем светлавой энергіі пры ўдзеле фотасінтэтычных пігментаў. Вылучаюць тры асноўныя групы фотасінтэтычных пігментаў: хларафілы, караціноіды і фікабіліны. Хларафілы паглынаюць святло пераважна ў сіне-фіялетавай і чырвонай частках спектра, караціноіды — у сіне-фіялетавай. Фікабіліны здольныя паглынаць аранжавае, жоўтае і зялёнае святло, недаступнае хларафілам і караціноідам.

У раслін і водарасцей фотасінтэз працякае ў хларапластах: светлавая фаза — на мембранах тылакоідаў і толькі на святле, цемнавая — у строме, незалежна ад наяўнасці святла. У светлавой фазе адбываецца паглынанне святла пігментамі, фатоліз дыгідрамонааксіду, сінтэз АТФ і аднаўленне НАДФ. Адзін з прадуктаў гэтай фазы — кісларод — выдзяляецца ў навакольнае асяроддзе. Другія прадукты — АТФ і НАДФ∙Н+Н+ — выкарыстоўваюцца ў цемнавой фазе.