§ 20. Агульная характарыстыка абмену рэчываў і пераўтварэння энергіі

Працэсы абмену рэчываў і пераўтварэння энергіі ў арганізме прадстаўлены рэакцыямі двух тыпаў — катабалізму і анабалізму. Катабалізм (дысіміляцыя, энергетычны абмен) уяўляе сабой расшчапленне складаных арганічных злучэнняў да больш простых рэчываў. Працэсы дысіміляцыі суправаджаюцца вызваленнем энергіі, неабходнай для жыццядзейнасці. Анабалізм (асіміляцыя, пластычны абмен) — гэта сукупнасць працэсаў сінтэзу арганічных злучэнняў з больш простых рэчываў. Рэакцыі асіміляцыі ідуць з паглынаннем энергіі. Працэсы энергетычнага і пластычнага абмену працякаюць у арганізме адначасова і ўзаемазвязана.