§ 16. Клетачны цыкл. Рэплікацыя ДНК

Перыяд жыцця клеткі з моманту яе ўтварэння з мацярынскай клеткі да дзялення (уключаючы гэта дзяленне) ці гібелі называецца клетачным цыклам. Ён складаецца з інтэрфазы і дзялення клеткі. Інтэрфаза (частка клетачнага цыкла паміж дзяленнямі) звычайна ўключае тры перыяды. У G1-перыядзе клетка расце і рыхтуецца да рэплікацыі, у S-перыядзе адбываецца рэплікацыя, у G2-перыядзе завяршаецца падрыхтоўка да дзялення. Многія клеткі, якія сталі на шлях спецыялізацыі, выходзяць з G1-перыяду ў перыяд спакою. Такія клеткі не рыхтуюцца да рэплікацыі і ў шэрагу выпадкаў губляюць здольнасць да дзялення. Рэплікацыя ДНК адбываецца з удзелам розных ферментаў, найважнейшым з якіх з’яўляецца ДНК-полімераза. Матрыцамі для сінтэзу даччыных ланцугоў ДНК служаць абодва ланцугі мацярынскай малекулы, г. зн. рэплікацыя з’яўляецца рэакцыяй матрычнага сінтэзу. У выніку рэплікацыі ўтвараюцца дзве ідэнтычныя малекулы ДНК. У склад кожнай з іх уваходзіць адзін ланцуг зыходнай мацярынскай малекулы і адзін толькі што сінтэзаваны даччыны ланцуг. Такім чынам, рэплікацыя ажыццяўляецца паўкансерватыўна.