§ 14. Ядро клеткі

Ядро клеткі складаецца з ядзернай абалонкі, ядзернага соку, храмаціну і аднаго ці некалькіх ядзеркаў. Ядро забяспечвае захоўванне і рэалізацыю спадчыннай інфармацыі, кіруе ўсімі працэсамі жыццядзейнасці клеткі. Напачатку дзялення клеткі ў выніку спіралізацыі храмаціну фарміруюцца кампактныя храмасомы. Кожная храмасома складаецца з дзвюх сястрынскіх храматыд, злучаных у вобласці цэнтрамеры. Набор храмасом у гаметах і спорах гаплоідны (1n), а ў саматычных клетках, як правіла, дыплоідны (2n). Карыятыпам называецца набор храмасом, характэрны для саматычных клетак пэўнага віду жывых арганізмаў.