§ 10. Клетачная тэорыя. Агульны план будовы клеткі
Паўтарэнне адкрыцця Гука
- Вазьміце звычайны коркавы корак ад бутэлькі (толькі пераканайцеся, што ён не пластыкавы). Пакладзіце яго на папяровы ручнік ці на ліст паперы.
- Трымайце корак моцна і з дапамогай ляза брытвы ці вострага канцылярскага нажа акуратна зрабіце вельмі тонкі паўпразрысты зрэз. Будзьце асцярожныя пры рабоце з лязом!
- Далей змясціце зрэз на прадметнае шкло мікраскопа ў невялікую кроплю вады. Покрыўнае шкло выкарыстоўваць неабавязкова, бо выразаны ўзор не атрымаецца ідэальна роўным.
- Вывучыце падрыхтаваны прэпарат з дапамогай мікраскопа. Лепшае месца для разглядання «ячэек» — самы тонкі край зрэзу.
- Назіранні можна паўтарыць пры розных павелічэннях.
- Для вывучэння зрэзу ў адбітым святле асвятліце прэпарат зверху з дапамогай ліхтарыка.
● Параўнайце вашы назіранні з малюнкам Гука, зробленым больш за тры з паловай стагоддзі таму (гл. мал. 10.1, б).
● Успомніце з курса біялогіі 7-га класа, якімі клеткамі (жывымі ці мёртвымі) утвораны корак. Як вы думаеце, чаму корак не тоне ў вадзе?