§ 10. Клетачная тэорыя. Агульны план будовы клеткі

Разнастайнасць клетак. Як адзначалася, клеткі жывых арганізмаў маюць агульны план будовы. Аднак яны могуць адрознівацца адна ад адной памерамі, формай, некаторымі асаблівасцямі будовы (мал. 10.5).

Самымі маленькімі з’яўляюцца пракарыятычныя клеткі, іх дыяметр звычайна складае 0,5—10 мкм. Большасць клетак эўкарыёт мае памер 10—100 мкм. Радзей сустракаюцца клеткі яшчэ большых памераў. Напрыклад, мышачныя валокны жывёл і сітападобныя трубкі раслін могуць дасягаць у даўжыню 1—10 мм. Дыяметр яйцаклетак буйных птушак і акул складае некалькі сантыметраў, а адросткі нейронаў бываюць даўжынёй больш за 1 м.

У мнагаклетачным арганізме адрозненні паміж клеткамі абумоўлены тым, што розныя клеткі выконваюць розныя функцыі. Аднак нават самым высокаспецыялізаваным клеткам уласціва наяўнасць тых жа арганоідаў і рэчываў, якія характэрны і для іншых клетак.