§ 10. Клетачная тэорыя. Агульны план будовы клеткі

Клетачная тэорыя. У першай палове XIX ст. адбывалася паглыбленне ўяўленняў пра будову клеткі, што звязана з істотнымі паляпшэннямі канструкцыі мікраскопаў. У клетках былі выяўлены ядро і некаторыя іншыя структуры. Да гэтага лічылася, што жывымі з’яўляюцца клетачныя сценкі, а ўнутры клеткі або пустыя, або запоўнены «пажыўным сокам». У 1840-х гг. вучоныя прыйшлі да разумення таго, што найважнейшыя працэсы жыццядзейнасці працякаюць менавіта ўнутры клетак, а не ў клетачных сценках.

* У 1825 г. чэшскі анатам і фізіёлаг Я. Пуркінэ адкрыў ядро ў яйцаклетцы курыцы. Пазней ён прыйшоў да высновы, што менавіта ўнутранае змесціва клетак, а не іх абалонкі, уяўляе сабой жывое рэчыва. Пуркінэ і яго вучні даследавалі мікраскапічную будову шэрага тканак і органаў млекакормячых і чалавека. Аднак, параўноўваючы клеткі жывёл з клеткамі раслін, Пуркінэ ўсё ж не прыйшоў да высновы пра іх падабенства і адзінства паходжання.

Брытанскі батанік Р. Браўн у 1831 г. увёў тэрмін «ядро» і апісаў яго як сферычнае шчыльнае ўнутрыклетачнае цельца. Ён жа выказаў здагадку пра тое, што ядро з'яўляецца пастаянным кампанентам расліннай клеткі.*

У 1838 г. нямецкі батанік М. Шлейдэн даказаў, што розныя органы раслін складаюцца з клетак. Акрамя таго, вучоны паказаў значнасць ядра для жыццядзейнасці клеткі.

Стваральнікам клетачнай тэорыі стаў нямецкі заолаг Т. Шван. Ён вызначыў, што тканкі жывёл складаюцца з клетак, у кожнай з якіх есць ядро. Супастаўляючы ўласныя назіранні з працамі Шлейдэна, Шван прыйшоў да высновы пра тое, што на мікраскапічным узроўні жывёлы і расліны ўладкаваны па адзіным плане. У 1839 г. была апублікавана яго кніга «Мікраскапічныя даследаванні пра адпаведнасць у структуры і росце жывёл і раслін». У гэтай кнізе былі выяўлены асноўныя ідэі клетачнай тэорыі: усе арганізмы складаюцца з клетак, пры гэтым клеткі раслін і жывёл падобныя па будове і працэсах жыццядзейнасці. Стварэнне клетачнай тэорыі было адным з найвялікшых адкрыццяў у прыродазнаўстве XIX ст., нараўне з эвалюцыйнай тэорыяй і законам захавання і ператварэння энергіі.

*Галоўнай памылкай Швана было выказанае ўслед за Шлейдэнам меркаванне пра тое, што клеткі раслін і жывёл узнікаюць з бесструктурнага няклетачнага рэчыва. Цікава, што менавіта гэты памылковы погляд на спосаб утварэння клетак дазволіў Швану прыйсці да высновы пра іх падабенства ў раслін і жывёл.*

У 1855 г. нямецкі ўрач Р. Вірхаў дапоўніў клетачную тэорыю. Ён сфармуляваў прынцып «Кожная клетка — ад клеткі», г. зн. клеткі ўтвараюцца з іншых клетак у выніку дзялення. *Вірхаў таксама выказаў здагадку, што ў аснове ўсіх захворванняў ляжыць змяненне структуры і функцый клетак. Клетачная тэорыя ў тлумачэнні Вірхава стала агульнапрынятай асновай як біялогіі, так і медыцыны.*

У далейшым вучэнне пра клетку апынулася ў цэнтры ўвагі ўсёй біялагічнай навукі і бурна развівалася. Для вывучэння клетак і іх кампанентаў сталі выкарыстоўваць разнастайныя фізічныя і біяхімічныя метады. Гэта дазволіла зразумець складанасць будовы клетак і разнастайнасць працэсаў, якія ў іх працякаюць.

Клетачная тэорыя, галоўныя палажэнні якой былі сфармуляваны ў сярэдзіне XIX ст., з’яўляецца адной з асноўных ідэй сучаснай біялогіі. Яна зацвярджае адзінства прынцыпу будовы і развіцця ўсіх арганізмаў, якія маюць клетачную будову. Клетачная тэорыя стала адной з перад­умоў узнікнення эвалюцыйнага вучэння, падмуркам для развіцця такіх дысцыплін, як гісталогія (навука пра тканкі), эмбрыялогія (навука пра зародкавае развіццё арганізмаў), фізіялогія і інш.

Сучасная клетачная тэорыя ўключае наступныя асноўныя палажэнні.

1. Клетка — элементарная структурна-функцыянальная адзінка жы­вых арганізмаў, якая валодае ўсімі прыметамі і ўласцівасцямі жывога.
2. Клеткі ўсіх арганізмаў падобныя па хімічным саставе, будове і працэсах жыццядзейнасці.
3. Усе клеткі ўтвараюцца толькі ў выніку дзялення зыходных (мацярынскіх) клетак.
4. Клеткі большасці мнагаклетачных арганізмаў спецыялізуюцца па функцыях і ўтвараюць тканкі. З тканак складаюцца органы і сістэмы органаў.