§ 10. Клетачная тэорыя. Агульны план будовы клеткі
Адкрыццё клетак. Вывучэнне клетак стала магчымым дзякуючы вынаходству мікраскопа — прыбора, прызначанага для атрымання павялічаных відарысаў. *Першы мікраскоп з'явіўся ў Еўропе ў канцы XVI ст.*
Чалавекам, які ўпершыню ўбачыў клеткі пры дапамозе мікраскопа (мал. 10.1, а), быў англійскі вучоны Р. Гук. У 1665 г. пры разглядзе тонкага зрэзу коркавага слоя драўніннай кары ён выявіў, што корак падзелены на мноства малюсенькіх ячэек (мал.10.1, б). Гэтыя ячэйкі, падобныя да пчаліных сотаў, Гук назваў клеткамі. Той жа план будовы ён назіраў і пры вывучэнні іншых тканак раслін. З часам тэрмін «клетка» зацвердзіўся ў біялогіі.
*Пра адкрыццё клетак Гук напісаў у сваёй кнізе «Мікраграфія»: «Узяўшы кавалачак чыстага светлага корка, я адразаў ад яго вострым як брытва нажом вельмі тонкую пласцінку. Калі потым я змясціў гэты зрэз на прадметнае шкло і стаў разглядаць яго пад мікраскопам, накіраваўшы святло з дапамогай люстэрка, я вельмі ясна ўбачыў, што ўвесь ён пранізаны адтулінамі і порамі. Гэтыя поры былі не надта глыбокімі, а складаліся з вялікай колькасці маленькіх ячэек, вычлененых з адной доўгай бесперапыннай поры асаблівымі перагародкамі. Такая будова ўласціва не аднаму толькі корку. Я разглядаў з дапамогай свайго мікраскопа стрыжань бузіны і розных дрэў, а таксама ўнутраную мякаць сцябла трыснягу, некаторай агародніны і іншых раслін: фенхелю, морквы, лопуху, папараці і г. д. І выявіў у іх усіх той жа план будовы, што і ў корку».*
Праз некалькі гадоў галандскі натураліст А. ван Левенгук зрабіў мікраскоп, які валодаў значна большым павелічэннем. З яго дапамогай даследчык выявіў рухомыя мікраскапічныя арганізмы — інфузорыі, амёбы, бактэрыі. Таксама Левенгук упершыню назіраў клеткі жывёл — эрытрацыты і сперматазоіды.
Мікраскоп Левенгука ўяўляў сабой пласцінку, у цэнтры якой была адна лінза (гл. мал. 10.2). Назіральніку трэба было глядзець праз лінзу на ўзор, замацаваны з другога боку. Нягледзячы на прастату канструкцыі, мікраскоп Левенгука дазваляў атрымаць павелічэнне ў некалькі разоў большае, чым у іншых мікраскопаў таго часу. На працягу жыцця Левенгук зрабіў не менш за 25 мікраскопаў. Дзевяць з іх, якія захаваліся да нашых дзён, здольныя павялічваць відарыс у 275 разоў. Аднак мяркуецца, што Левенгук стварыў мікраскопы, якія маглі даваць павелічэнне да 500 разоў.
*У XVIII ст. было апублікавана шмат новых малюнкаў і апісанняў розных клетак, прычым пераважна раслінных. Справа ў тым, што тканкі жывёл лёгка пашкодзіць, з прычыны чаго вучоным было цяжка вырабляць прэпараты для даследавання. Аднак мікраскоп у той час разглядаўся галоўным чынам як цацка, таму большасць даследчыкаў прыроды не надавала сваім назіранням сур'ёзнага значэння.*