§ 25. Будова, разнастайнасць і класiфiкацыя вірусаў

*Класіфікацыя вірусаў. Прызнанне вірусаў няклетачнымі формамі жыцця пацягнула за сабой распрацоўку іх сістэматыкі. Вірусы класіфікуюць на аснове прынятых у біялогіі правілаў, выкарыстоўваючы сістэматычныя адзінкі — від, род, сямейства і інш. Па стане на 2018 г. былі апісаны і занесены ў біялагічную сістэму каля 5000 відаў вірусаў.

Міжнародны камітэт па сістэматыцы вірусаў вядзе пастаянную работу па ўдасканаленні іх біялагічнай класіфікацыі. Прыналежнасць ужо вядомых навуцы вірусаў да пэўнай сістэматычнай групы пераглядаецца па меры з'яўлення новых даных пра іх будову і асаблівасці працэсаў размнажэння. Нядаўна адкрытыя вірусы спачатку атрымліваюць статус некласіфікаваных відаў, а затым уносяцца ў сістэму.

Асноўным метадам ідэнтыфікацыі вірусаў у наш час з'яўляецца вызначэнне паслядоўнасцей нуклеатыдаў у саставе іх нуклеінавых кіслот і параўнанне атрыманых даных з ужо існуючымі.

Як ужо адзначалася, для кожнага віду вірусаў характэрная наяўнасць пэўнага тыпу нуклеінавай кіслаты і пастаяннай колькасці малекул гэтай кіслаты ў саставе вірыёнаў. Грунтуючыся на асаблівасцях геному, амерыканскі вірусолаг Д. Балтымар у 1971 г. падзяліў на групы ўсе вірусы, вядомыя на той час. Так, напрыклад, вірусы, якія маюць адналанцуговыя малекулы ДНК, былі аднесены да адной групы, якія змяшчалі двухланцуговыя РНК — да другой і г. д. Гэта класіфікацыя, заснаваная на структурнай арганізацыі генетычнага апарата, паспяхова суадносіцца з сучаснай сістэматыкай вірусаў і шырока выкарыстоўваецца пры апісанні відаў. Як правіла, вірусы, што належаць да аднаго сямейства, і па класіфікацыі Балтымара належаць да адной і той жа групы.*