§ 42-1. Трансгенныя жывёлы. Генадыягностыка і генатэрапія. Клетачная інжынерыя

Клетачная інжынерыя — напрамак сучаснай біятэхналогіі, які заключаецца ў атрыманні арганізмаў з новымі ўласцівасцямі шляхам камбінавання асобных кампанентаў клетак. Так, напрыклад, можна пераносіць з клетак аднаго арганізма ў клеткі другога пэўныя арганоіды ці замяняць у клетках ядры.

Да клетачнай інжынерыі належыць і саматычная гібрыдызацыя, г. зн. зліццё саматычных клетак у лабараторных умовах. З дапамогай дадзенага метаду ствараюць, напрыклад, міжвідавыя гібрыды раслін, якія нельга атрымаць шляхам звычайнага скрыжавання.

Для гэтага ізаляваныя раслінныя клеткі апрацоўваюць ферментамі, якія разбураюць клетачную сценку. Затым змешваюць апрацаваныя такім чынам клеткі двух розных відаў раслін. Дабаўляюць рэчывы, якія спрыяюць зліццю клетак, і ствараюць умовы для аднаўлення клетачных сценак. У далейшым з асобных гібрыдных клетак на спецыяльных пажыўных асяроддзях вырошчваюць гібрыдныя расліны. Такім шляхам былі атрыманы, напрыклад, гібрыды слівы і чарэшні, вішні і чарэшні і інш.  *Аднак трэба адзначыць, што на сённяшні дзень прамысловыя сарты на аснове такіх гібрыдаў яшчэ не атрыманы.*