§ 42. Трансгенныя арганізмы — будучае сучаснай біятэхналогіі. Трансгенныя бактэрыі і грыбы. Трансгенныя расліны

Праблема біябяспекі. Шырокае ўкараненне ў практыку трансгенных раслін выклікала пэўныя сацыяльныя змяненні ў грамадстве. Асноўнай праблемай, якая хвалюе вучоных, стала асцярога, што ствараемыя чалавекам трансгенныя расліны могуць выйсці з-пад кантролю чалавека і ўкараніцца ў прыродныя экасістэмы. Гэта, у сваю чаргу, можа прывесці да знікнення з біясферы некаторых відаў раслін, жывёл і мікраарганізмаў. Хоць верагоднасць гэтых падзей вельмі малая, навуковая грамадскасць не пакінула гэту тэарэтычную асцярогу без увагі. Таму на спецыяльных канферэнцыях і сімпозіумах былі распрацаваны правілы стварэння, выпрабавання і выкарыстання трансгенных раслін.

У часткі насельніцтва гэта асцярога вучоных трансфармавалася ў непрыманне трансгенных раслін і прадуктаў, якія з іх вырабляюцца. Пры гэтым прыродаахоўны аспект для звычайных людзей адышоў на другі план. Галоўнае, чаго баяцца людзі, ці не з’яўляюцца небяспечнымі транс­генныя расліны і іншыя генетычна мадыфікаваныя арганізмы для здароўя чалавека. З улікам гэтага, усе расліны, што ствараюцца метадамі генетычнай інжынерыі, павінны праходзіць абавязковую праверку на бясшкоднасць для чалавека і сельскагаспадарчых жывёл. У Рэспубліцы Беларусь прыняты закон «аб бяспецы генна-інжынернай дзейнасці», які з’яўляецца асноўнай нарматыўна-прававой базай нацыянальнай сістэмы біябяспекі. Для каардынацыі дзейнасці прававых структур і насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь створаны і паспяхова працуе Нацыянальны каардынацыйны цэнтр біябяспекі. *Такім чынам, развіццё біятэхналогіі знаходзіцца пад пастаянным кантролем і карэктуецца для прадухілення нават самых малых тэарэтычна магчымых непажаданых наступстваў.*

Першыя дзесяцігоддзі цяперашняга стагоддзя пацвярджаюць правільнасць выбранага шляху інтэнсіўнага развіцця біятэхналогіі. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што далейшае развіццё чалавецтва будзе вызначацца ўсё больш шырокім укараненнем дасягненняў біялогіі ў практычную дзейнасць людзей. Таму сучасны адукаваны чалавек не павінен баяц­ца генетычна мадыфікаваных арганізмаў. Да іх стварэння і ўжывання трэба ставіцца як да аднаго з асноўных карысных вынікаў развіцця сучаснай навукі і тэхналогіі.