§ 38. Вывучэнне спадчыннасці і зменлівасці чалавека

Чалавек як аб’ект генетыкі мае шэраг асаблівасцей, якія абумоўліваюць спецыфіку метадаў вывучэння яго спадчыннасці і зменлівасці. Блізнятны метад, заснаваны на параўнальным вывучэнні блізнят, дазваляе выяўляць уклад генатыпу і ўмоў асяроддзя ў развіццё фенатыпу. Генеалагічны метад звязаны з пабудовай і аналізам радаслоўных. З дапамогай гэтага метаду можна вызначаць тып наследавання прымет (дамінантны ці рэцэсіўны, счэплены з полам ці аўтасомны) і верагоднасць іх праяўлення ў наступных пакаленнях. Для выяўлення храмасомных і геномных мутацый шырока выкарыстоўваецца цытагенетычны метад (мікраскапічнае даследаванне храмасом), для выяўлення генных мутацый — біяхімічныя метады. У генетыцы чалавека таксама знаходзіць ужыванне дэрматагліфічны (вывучэнне рэльефу скуры на пальцах, далонях і падэшвах) і некаторыя іншыя метады.