§ 38. Вывучэнне спадчыннасці і зменлівасці чалавека
*Метад саматычнай гібрыдызацыі дазваляе атрымліваць гібрыдныя клеткі арганізмаў розных відаў (чалавек-мыш, чалавек-камар і г. д.) шляхам зліцця саматычных клетак у лабараторных умовах. У такіх клетках функцыянуюць храмасомы абодвух відаў, адбываецца сінтэз адпаведных бялкоў. Аднак пры дзяленні гібрыдныя клеткі паступова губляюць чалавечыя храмасомы. Гэта звязана з тым, што зыходныя клеткі чалавека «не прывыклі» дзяліцца так інтэнсіўна, як, напрыклад, клеткі мышы ці камара. Калі гібрыдная клетка губляе якую-небудзь храмасому, у ёй перастаюць сінтэзавацца пэўныя бялкі. Таму можна меркаваць, што гены, якія кадзіруюць гэтыя бялкі, змешчаны ў «страчанай» храмасоме. Такім чынам, метад саматычнай гібрыдызацыі дазваляе вызначаць групы счаплення і будаваць генетычныя карты храмасом чалавека.*