§ 38. Вывучэнне спадчыннасці і зменлівасці чалавека
Сутнасць дэрматагліфічнага метаду заключаецца ў вывучэнні скурных узораў на пальцах, далонях і падэшвах ступняў чалавека. Скура на гэтых участках цела мае складаны рэльеф, вызначаны генатыпам. Таму дэрматагліфічныя ўзоры індывідуальныя для кожнага чалавека (супадаюць толькі ў моназіготных блізнят) і застаюцца нязменнымі на працягу ўсяго жыцця.
У ХХ ст. дэрматагліфічны метад шырока выкарыстоўваўся для дыягностыкі некаторых спадчынных захворванняў і вызначэння зіготнасці блізнят. Ён таксама ўжываўся пры вызначэнні бацькоўства, у судовай медыцыне і крыміналістыцы для ідэнтыфікацыі асобы. У цяперашні час выкарыстанне гэтага метаду стала больш абмежаваным у сувязі са з’яўленнем новых, больш дасканалых метадаў, напрыклад біяхімічных *і малекулярна-генетычных*.