§ 38. Вывучэнне спадчыннасці і зменлівасці чалавека

Цытагенетычны метад звязаны з мікраскапічным вывучэннем струк­туры і колькасці храмасом. У 1956 г. было вызначана, што ў саматычных клетках чалавека змяшчаецца 46 храмасом: 22 пары аўтасом і адна пара палавых храмасом. З гэтага часу пачалося дэталёвае даследаванне карыятыпу чалавека. Кожнай пары аўтасом быў прысвоены парадкавы нумар ад 1 (самыя буйныя храмасомы) да 22 (самыя дробныя). Палавыя храмасомы атрымалі літарныя абазначэнні: X і Y.

У канцы 1960-х гг. былі распрацаваны метады дыферэнцыяльнага афарбоўвання храмасом. Пры такім афарбоўванні ў храмасомах выяўляюц­ца светлыя і цёмныя ўчасткі. Іх колькасць, працягласць і паслядоўнасць размяшчэння спецыфічныя для кожнай пары храмасом (мал. 38.4). Вывучэнне будовы дыферэнцыяльна афарбаваных храмасом (памеры, суадносіны плячэй, чаргаванне цёмных і светлых фрагментаў) дазваляе дакладна ідэнтыфікаваць кожную храмасому, вызначыць яе месца ў карыя­тыпе. Цытагенетычны метад шырока ўжываецца для выяўлення храмасомных і геномных мутацый, якія з’яўляюцца прычынай цэлага шэрага спадчынных хвароб чалавека.