§ 38. Вывучэнне спадчыннасці і зменлівасці чалавека
Асноўныя заканамернасці спадчыннасці і зменлівасці, вызначаныя для жывых арганізмаў, носяць універсальны характар, а значыць, яны ўжываюцца і ў дачыненні да чалавека. Аднак як аб’ект генетычных даследаванняў чалавек мае сваю спецыфіку. Так, для чалавека характэрны павольная змена пакаленняў, невялікая колькасць патомкаў у сем’ях і складаны карыятып, які ўключае 23 групы счаплення. Акрамя таго, у людзей нельга эксперыментальна выклікаць мутацыі, ужываць у дачыненні да іх гібрыдалагічны метад (г. зн. ажыццяўляць накіраваныя скрыжаванні). Гэтыя і іншыя асаблівасці ўскладняюць вывучэнне спадчыннасці і зменлівасці чалавека.
Тым не менш у сувязі з выключнай практычнай значнасцю, дзякуючы выкарыстанню разнастайных метадаў даследаванняў, генетыка чалавека на сённяшні дзень дасягнула істотных поспехаў. Важнейшымі метадамі вывучэння спадчыннасці і зменлівасці чалавека з’яўляюцца наступныя.
Блізнятны метад, *уведзены англійскім вучоным Ф. Гальтонам у 1876 г.,* заключаецца ў параўнальным вывучэнні прымет у блізнят. Адрозніваюць дызіготных (рознаяйцавых) і моназіготных (аднаяйцавых) блізнят.
Калі ў арганізме жанчыны адначасова паспелі дзве яйцаклеткі, якія далей былі аплоднены рознымі сперматазоідамі, з утвораных зігот развіваюцца дызіготныя блізняты. Яны валодаюць рознымі генатыпамі. Таму рознаяйцавыя блізняты падобныя адзін да аднаго не больш чым звычайныя браты ці сёстры, прычым яны могуць быць як аднаго полу, так і разнаполымі.
Моназіготныя блізняты, як вы ўжо ведаеце, развіваюцца з адной зіготы, якая ў ходзе драблення дае пачатак двум ці больш эмбрыёнам. Такім чынам, гэтыя блізняты маюць аднолькавы генатып. Таму яны заўсёды аднаго полу, валодаюць надзвычайным знешнім падабенствам, маюць аднолькавыя адпячаткі пальцаў, кроў адной і той жа групы і г. д.
У чалавечых папуляцыях блізняты нараджаюцца з частатой каля 1 %, з іх прыкладна складаюць аднаяйцавыя. Для вывучэння спадчыннасці і зменлівасці чалавека моназіготныя блізняты прадстаўляюць асаблівую цікавасць. Падабенства аднаяйцавых блізнят абумоўлена ідэнтычнасцю генатыпаў (гл. мал. 36.2). У той жа час адрозненні, якія праяўляюцца паміж імі ў ходзе антагенезу, звязаны перш за ўсё з рознымі ўмовамі жыцця (харчаванне, прафесійная дзейнасць, спосаб жыцця, клімат і інш.). Такім чынам, вывучэнне моназіготных блізнят дазваляе вызначыць ролю генатыпу і ўмоў навакольнага асяроддзя ў развіцці тых ці іншых прымет чалавека.