§ 31. Цыталагічныя асновы наследавання прымет пры монагібрыдным скрыжаванні
Паняцце пра дамінантныя і рэцэсіўныя гены. У сваіх далейшых даследаваннях Г. Мендэль вырашыў высветліць, як будуць наследавацца прыметы ў трэцім і наступных пакаленнях гібрыдаў. Для гэтага ён даў гібрыдам другога пакалення магчымасць самаапыляцца і атрымаў трэцяе гібрыднае пакаленне.
Было вызначана, што ўсё патомства раслін, атрыманых з зялёных гарошын, было аднастайным і наследавала зялёную афарбоўку насення. Аднак у патомстве раслін, вырашчаных з жоўтага насення, падобнай карціны не назіралася. Толькі асобін, атрыманых з жоўтага насення, давала аднастайнае патомства з жоўтымі гарошынамі. У той жа час асобін давалі ў патомстве расшчапленне ў наступных суадносінах: 3 часткі — жоўтыя і 1 частка — зялёныя (мал. 31.1).
Для тлумачэння атрыманых вынікаў Г. Мендэль выказаў меркаванне пра тое, што прыметы арганізма кантралююцца асаблівымі спадчыннымі фактарамі. Паводле гіпотэзы Г. Мендэля, дамінантная прымета вызначаецца дамінантным фактарам, а рэцэсіўная прымета — рэцэсіўным фактарам. Гэтыя фактары спадчыннасці перадаюцца ад бацькоўскіх асобін патомству праз палавыя клеткі. У далейшым, * у 1909 г., дацкі біёлаг В. Іагансен прапанаваў называць* спадчынныя фактары, якія абумоўліваюць праяўленне тых ці іншых прымет, генамі. Дамінантныя гены прынята абазначаць вялікімі літарамі (напрыклад, А), рэцэсіўныя — маленькімі (а).
Г. Мендэль выказаў меркаванне, што кожнай прымеце пэўнай асобіны адпавядаюць два фактары, адзін з якіх атрыманы ад бацькоўскага арганізма, а другі — ад мацярынскага. Таму ў выніку монагібрыднага скрыжавання, пры якім бацькі адрозніваліся, напрыклад колерам насення, усе гібрыды першага пакалення мелі як спадчынны фактар А (які абумоўліваў жоўтую афарбоўку), так і фактар а (адказны за зялёны колер насення). Паколькі фактар А дамінуе над фактарам а, ва ўсіх гібрыдаў F1 праяўлялася жоўтая афарбоўка насення.
Г. Мендэль таксама меркаваў, што кожны гібрыд першага пакалення ўтварае два тыпы палавых клетак: адна палова гамет змяшчае фактар А, другая палова — а. Такім чынам, парныя спадчынныя фактары пры ўтварэнні палавых клетак падзяляюцца і ў кожную гамету трапляе толькі адзін з іх.