§ 48. Асноўныя доказы эвалюцыі
На сённяшні дзень навука валодае мноствам даных, якія даказваюць гістарычнае развіццё арганічнага свету. Да параўнальна-анатамічных доказаў эвалюцыі адносіцца наяўнасць у жывых арганізмаў гамалагічных і аналагічных органаў, рудыментаў і атавізмаў. Палеанталагічнымі доказамі з’яўляюцца выкапнёвыя пераходныя формы і філагенетычныя рады. Закон зародкавага падабенства — важнейшае абагульненне ў галіне эмбрыялогіі, якое даказвае эвалюцыю жывой прыроды. Агульныя рысы жывых арганізмаў, звязаныя з падабенствам іх хімічнага саставу, будовы і функцыянавання біямалекул, працэсаў захоўвання і рэалізацыі генетычнай інфармацыі і г. д., разглядаюцца як малекулярна-генетычныя доказы эвалюцыі.