§ 48. Асноўныя доказы эвалюцыі

Малекулярна-генетычныя доказы эвалюцыі. Жывыя арганізмы маюць на дзіва падобны хімічны састаў. Ва ўсіх форм жыцця, за выключэннем некаторых вірусаў, захавальнікам спадчыннай інфармацыі з’яўляецца ДНК. Бялкі, якія яна кадзіруе, адыгрываюць галоўную ролю ў ажыццяўленні розных працэсаў жыццядзейнасці. Пастаўшчыком энергіі для працякання гэтых працэсаў служыць, галоўным чынам, АТФ. Для сінтэзу біямалекул жывыя арганізмы выкарыстоўваюць пераважна адны і тыя ж структурныя кампаненты. Напрыклад, ДНК пабудавана з чатырох асноўных тыпаў нуклеатыдаў, а бялкі — з 20 відаў амінакіслот.

Высокая ступень падабенства выяўляецца не толькі ў будове біялагічных малекул, але і ў іх функцыянаванні. Так, у жывых арганізмаў падобным чынам працякаюць працэсы энергетычнага абмену і рэакцыі матрычнага сінтэзу. Рэалізацыя спадчыннай інфармацыі, зашыфраванай з дапамогай універсальнага генетычнага кода, ва ўсіх арганізмаў ажыццяўляецца дзякуючы транскрыпцыі і трансляцыі, з удзелам мРНК, тРНК і рРНК. Гэтыя і многія іншыя факты даказваюць роднасць жывых арганізмаў і адзінства паходжання жыцця на Зямлі.