§ 48. Асноўныя доказы эвалюцыі

Эмбрыялагічныя доказы эвалюцыі. Пераканаўчыя доказы гістарычнага развіцця жывой прыроды і існавання эвалюцыйных сувязей паміж рознымі групамі арганізмаў дае эмбрыялогія. Як вы ўжо ведаеце, гэта навука вывучае эмбрыянальнае развіццё арганізмаў. Так, даныя эмбрыялогіі сведчаць пра падабенства зародкавага развіцця жывёл. Усе яны ў пачатку свайго індывідуальнага развіцця праходзяць этап драблення зіготы, стадыю аднаслойнага зародка — бластулы, а затым двухслойнай гаструлы. Ва ўсіх, за выключэннем губак і кішачнаполасцевых, фарміруецца трэці зародкавы лісток — мезадэрма і г. д. Асабліва выразна прасочваецца падабенства развіцця зародкаў у межах асобных тыпаў і класаў жывёл.

Упершыню гэту заканамернасць выявіў расійскі эмбрыёлаг К. Бэр у пачатку XIX ст. Ён дэталёва даследаваў зародкавае развіццё пазваночных жывёл, якія належаць да розных класаў, і высветліў, што на ранніх этапах антагенезу зародкі розных арганізмаў развіваюцца падобна і толькі на пазнейшых стадыях паміж імі з’яўляюцца адрозненні (мал. 48.7). Гэта абагульненне пасля было названа законам зародкавага падабенства. Падабенства развіцця эмбрыёнаў розных жывёл, якое назіраецца на ранніх стадыях, сведчыць пра агульнасць іх паходжання. Адрозненні, што ўзнікаюць пазней, гавораць пра дывергенцыю, якая ажыццяўлялася ў ходзе эвалюцыі і прывяла да з’яўлення розных сістэматычных груп.

*У другой палове XIX ст. нямецкія даследчыкі прыроды Э. Гекель і Ф. Мюлер выявілі сувязь паміж індывідуальным развіццём арганізмаў, якія належаць да тых ці іншых сістэматычных груп, і гістарычным развіццём гэтых груп. Імі быў сфармуляваны біягенетычны закон: кожная асобіна ў індывідуальным развіцці коратка паўтарае гісторыю развіцця свайго віду, ці, інакш кажучы, антагенез — гэта кароткае паўтарэнне філагенезу.

Напрыклад, зародак чалавека на пэўнай стадыі развіцця мае двухкамернае сэрца і жаберныя шчыліны, што, відаць, сведчыць пра наяўнасць рыбападобных продкаў у ходзе філагенезу. Бясхвостыя амфібіі ў антагенезе таксама праходзяць «рыбіну» стадыю: іх лічынкі (апалонікі) маюць абцякальнае рыбападобнае цела з хваставым плаўніком, орган бакавой лініі і крывяносную сістэму, пабудаваную па тым жа плане, што і ў рыб. Лічынкі многіх насякомых знешне нагадваюць чарвей — найбольш імаверных эвалюцыйных продкаў членістаногіх. У цыкле развіцця імхоў прысутнічае стадыя першай ніці (пратанемы), якая нагадвае ніткаватую водарасць.

Разам з тым даследаванні ў галіне эмбрыялогіі і іншых навук паказалі, што біягенетычны закон у чыстым выглядзе (г. зн. у фармулёўцы Гекеля і Мюлера) не выконваецца. Так, вызначана, што жывыя арганізмы ў антагенезе паўтараюць прыметы не дарослых стадый сваіх эвалюцыйных продкаў, а толькі іх зародкаў. Напрыклад, жаберныя шчыліны эмбрыёна чалавека падобныя да жаберных шчылін не ў дарослых рыб, а ў іх зародкаў. Акрамя таго, у антагенезе жывых арганізмаў паўтараюцца далёка не ўсе стадыі эвалюцыі продкаў — многія з іх могуць выпадаць.*