§ 48. Асноўныя доказы эвалюцыі
Сучасная навука валодае мноствам даных, якія даказваюць эвалюцыйнае развіццё жывой прыроды. Яны сведчаць пра паходжанне ўсіх жывых істот ад агульных продкаў, дазваляюць вызначаць ход філагенезу — гістарычнага развіцця розных груп арганізмаў (як тых, што існуюць цяпер, так і вымерлых), а таксама выяўляць ступень іх эвалюцыйнай роднасці. На сённяшні дзень доказы эвалюцыі назапашаны ў межах цэлага шэрага біялагічных дысцыплін. Разгледзім найважнейшыя з гэтых доказаў.
Параўнальна-анатамічныя доказы эвалюцыі. Параўнальная анатомія займаецца выяўленнем агульных рыс і адрозненняў у будове арганізмаў. Высокая ступень падабенства даследуемых арганізмаў паказвае агульнасць іх паходжання і блізкую эвалюцыйную роднасць. Напрыклад, пярэднія канечнасці розных пазваночных жывёл пабудаваны па адзіным плане (мал. 48.1). Яны складаюцца з трох аддзелаў: пляча, што ўключае плечавую костку, перадплечча з локцевай і прамянёвай касцямі і кісці, у якой выдзяляюць запясце, пясць і фалангі пальцаў.
Пры гэтым у розных пазваночных жывёл пярэднія канечнасці могуць выконваць аднолькавыя ці розныя функцыі, выглядаць падобнымі ці ў значнай ступені адрознівацца па знешнім выглядзе. Тыя ці іншыя косці ў іх складзе могуць мець розную форму і адносныя памеры, зрастацца ці нават адсутнічаць. Аднак падабенства будовы пярэдніх канечнасцей пазваночных, абумоўленае адзінствам іх паходжання, відавочнае. Органы, якія незалежна ад выконваемых функцый (яны могуць быць аднолькавымі ці рознымі) маюць адзіны план будовы і агульнае паходжанне, называюцца гамалагічнымі. Такім чынам, пярэднія канечнасці пазваночных жывёл уяўляюць сабой гамалагічныя органы.
Прыкладамі гамалагічных органаў могуць служыць ядавітыя залозы змей і слінныя залозы іншых пазваночных. Джала пчалы гамалагічна яйцакладу коніка і некаторых другіх насякомых. Гамалагічнымі ў адносінах адно да аднаго з’яўляюцца мясістае сцябло кактуса і донца рэпчатай цыбулі (гэта відазмененыя сцёблы), вусікі гароху і лоўчыя апараты насякомаеднай расліны расянкі (відазмененыя лісты) і г. д.
Наяўнасць гамалагічных органаў паказвае эвалюцыйную роднасць арганізмаў, іх паходжанне ад агульных продкаў. Адрозненні паміж гамалагічнымі органамі, якія могуць праяўляцца ў знешнім выглядзе і выконваемых функцыях, сведчаць пра дывергенцыю — эвалюцыйнае разыходжанне прымет у роднасных арганізмаў, якія прыстасоўваюцца да розных умоў асяроддзя.
Аналагічнымі называюць органы, якія маюць знешняе падабенства і выконваюць аднолькавыя функцыі, але з’яўляюцца рознымі па паходжанні. Напрыклад, рознае паходжанне маюць крылы птушак (пярэднія канечнасці) і насякомых (вырасты хіцінавага покрыва), каранёвыя шышкі вяргіні (відазмененыя карані) і клубні бульбы (відазмененыя парасткі). Калючкі барбарыса па паходжанні з’яўляюцца лістамі, а шыпы ажыны — вырастамі покрыўнай тканкі (мал. 48.2). Аналагічныя адна адной капальныя канечнасці крата і мядзведкі, ракавіна вінаграднага смаўжа і панцыр чарапахі (гл. мал. 48.2).
Факты наяўнасці аналагічных органаў у розных арганізмаў не сведчаць пра іх эвалюцыйную роднасць. Аднак яны паказваюць, што ў ходзе эвалюцыі ў розных груп арганізмаў, якія жывуць у падобных умовах асяроддзя і вядуць падобны спосаб жыцця, пад дзеяннем натуральнага адбору развіваліся падобныя прыстасаванні.
Рудыменты — гэта органы, якія былі добра развіты ў продкаў тых ці іншых арганізмаў, але ў ходзе эвалюцыі страцілі сваё асноўнае значэнне і захаваліся ў сучасных відаў у зачаткавым стане. Закладванне такіх органаў адбываецца ў эмбрыянальным перыядзе антагенезу, аднак поўнасцю яны не развіваюцца і на працягу ўсяго жыцця застаюцца недаразвітымі.
Так, рудыментамі з’яўляюцца зачаткі тазавых касцей у кітападобных і шэрага змей, рэдуцыраваныя вочы ў некаторых жыхароў пячор і глебы, напрыклад у крата, недаразвітыя крылы ў птушкі ківі, якая не лятае, і жужальцы (другая пара крылаў) у двухкрылых насякомых. Больш за 90 рудыментаў налічваюць у чалавека. Гэта хвасцец, апендыкс, трэцяе павека, мышцы, якія падымаюць валасы, рухаюць вушныя ракавіны і г. д. Наяўнасць рудыментарных органаў паказвае на роднасць сучасных відаў з іх эвалюцыйнымі продкамі, у якіх дадзеныя органы былі добра развіты і ў поўнай меры выконвалі ўласцівыя ім функцыі. Паступовая рэдукцыя гэтых органаў у ходзе эвалюцыі служыць доказам дзеяння рухаючай формы натуральнага адбору.
Праяўленне ў некаторых асобін таго ці іншага віду прыметы, уласцівай аддаленым продкам, але згубленай гэтым відам у ходзе эвалюцыі, называюць атавізмам. Атавізмы сведчаць пра роднасныя сувязі відаў, якія існуюць зараз, з іх продкамі і паказваюць на тое, што ў сучасных арганізмаў захаваліся гены продкаў, якія кантралююць дадзеныя прыметы.
Аднак у норме дзеянне гэтых генаў падаўлена. Такім чынам, атавізмы, у адрозненне ад рудыментаў, уяўляюць сабой адхіленні ад нормы. Прыкладамі атавізмаў могуць служыць: наяўнасць дадатковых пальцаў на нагах у коней (мал. 48.3), развітых задніх канечнасцей у дэльфінаў, «рыбінай» лускі на асобных участках скуры ў сучасных земнаводных. У чалавека атавізмамі з’яўляюцца наяўнасць хваста, дадатковых саскоў, густога валасянога покрыва цела (гл. мал. 48.3).