§ 46. Рухаючыя сілы эвалюцыі
Дзеянне элементарных эвалюцыйных фактараў, разгледжаных у папярэднім параграфе, носіць выпадковы, ненакіраваны характар (г. зн. яно не накіравана на павышэнне прыстасаванасці асобін да ўмоў навакольнага асяроддзя). Разам з тым эвалюцыя — працэс заканамерны, які прыводзіць да ўзнікнення ў жывых арганізмаў адаптацый, утварэння новых, больш дасканалых відаў і надвідавых сістэматычных груп. Галоўнай сілай, што накіроўвае эвалюцыйны працэс, з’яўляецца натуральны адбор, які, як вы ведаеце, працякае на аснове барацьбы за існаванне. Два гэтыя фактары ўяўляюць сабой рухаючыя сілы эвалюцыі.
Барацьба за існаванне, паводле вучэння Ч. Дарвіна, абумоўлена размнажэннем асобін у геаметрычнай прагрэсіі. Яна ўзнікае з прычыны дэфіцыту корму, тэрыторыі, святла і іншых фактараў, неабходных жывым арганізмам, і можа выяўляцца як у прамым «сутыкненні» асобін, так і ў іх «спаборніцтве» за агульныя рэсурсы. Аднак адносіны арганізмаў у прыродзе не зводзяцца толькі да ўзаемнага ці аднабаковага нанясення ўрону. Існуюць узаемадзеянні, карысныя для асобін аднаго віду, але нейтральныя для другога, а таксама ўзаемавыгадныя і інш. Успомніце розныя тыпы біятычных адносін, вывучаныя ў курсе біялогіі 10-га класа. Паводле сучасных уяўленняў пра эвалюцыю, барацьба за існаванне ўключае любыя адносіны арганізмаў паміж сабой і з фактарамі нежывой прыроды. Такім чынам, з пазіцый СТЭ барацьба за існаванне разглядаецца ў больш шырокім сэнсе, чым гэта рабіў Дарвін. Адрозніваюць дзве асноўныя формы барацьбы за існаванне: прамую і ўскосную.
Прамая барацьба суправаджаецца больш ці менш выяўленым фізічным кантактам асобін. Яна можа адбывацца паміж асобінамі аднаго ці розных відаў (мал. 46.1). Так, праявамі прамой унутрывідавой барацьбы з’яўляюцца схватка ваўкоў за здабычу, бітва самцоў за самку ў шлюбны перыяд, выкормліванне дзіцянят і г. д. Прыкладамі прамой міжвідавой барацьбы могуць служыць: выкідванне птушанём зязюлі другіх птушанят з гнязда прыёмных бацькоў, узаемаадносіны паміж паразітамі і іх гаспадарамі, драпежнікамі і ахвярамі, раслінамі і жывёламі, якія іх апыляюць ці распаўсюджваюць плады і насенне.
Ускосная барацьба адбываецца без непасрэднага кантакту асобін. Яна таксама можа быць унутрывідавой (канкурэнцыя паміж соснамі ў густым сасновым лесе, самцамі пеўчых птушак аднаго віду ў перыяд гнездавання) і міжвідавой (паміж культурнымі раслінамі і пустазеллем на полі, азёрнай і сажалкавай жабамі, якія жывуць у адным вадаёме). Акрамя таго, яна можа праяўляцца ў выглядзе барацьбы з неспрыяльнымі абіятычнымі фактарамі. Так, у перыяд засухі адны расліны гінуць, а другія выжываюць. Тое ж самае можна сказаць пра жывёл, напрыклад, ва ўмовах суровай зімы.