ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Раман як эпічны жанр

Раман як эпічны жанр

Раман як эпічны жанр

Раман — эпічны празаічны (часам — вершаваны) твор, у якім шырока ахоплены істотныя жыццёвыя з’явы пэўнага сацыяльнага асяроддзя, нацыі і эпохі, паказаны шматлікія характары ў іх развіцці, псіхалагічнай напоўненасці, створаны разнастайныя бытавыя малюнкі.

Раману ўласцівы:

  1. шматлікасць галоўных і пабочных сюжэтных ліній, якія існуюць паралельна і перакрыжоўваюцца;
  2. неабмежаванасць у часе і прасторы;
  3. вялікая колькасць дзейных асоб (станоўчых і адмоўных);
  4. наяўнасць пазасюжэтных элементаў (аўтарскія адступленні, устаўныя эпізоды, пейзажы, інтэр’еры, абрамленні).

Раман узнік на аснове старажытнага эпасу («Рыгведа», «Рамаяна», эпічныя паэмы Гамера «Іліяда» і «Адысея» і інш.) яшчэ ў антычныя часы («Дафніс і Хлоя» Лонга, «Метамарфозы, ці Залаты асёл» Апулея — І ст. да н. э.). 

Тэрмін для абазначэння жанру бярэ свой пачатак з XII стагоддзя, калі так называлі творы, якія былі напісаны на раманскай (старафранцузскай) мове і супрацьпастаўляліся лацінскай мадэлі. У Сярэдневякоўі мелі папулярнасць рыцарскія раманы.

У сучасным разуменні гэты жанр сфарміраваўся толькі ў XVI—XVIII стагоддзях.

Сталі распаўсюджанымі круцельскія і разбойніцкія раманы. Вядомы іспанскі пісьменнік Мігель дэ Сервантэс і знакаміты французскі аўтар Франсуа Рабле распрацоўвалі гэтыя жанры, робячы акцэнт на сатырычных элементах. У Англіі ўзялі свой пачатак маралізатарскі і сентыментальны раманы. Пачалі развівацца такія формы, як гістарычны, псіхалагічны раманы.

Асаблівага росквіту раман дасягнуў у XIX стагоддзі (Стэндаль, Анарэ дэ Бальзак, Эміль Заля, Чарльз Дзікенс, Гюстаў Флабер, Леў Талстой, Фёдар Дастаеўскі і інш.) (Паводле Вячаслава Рагойшы).

У наш час вылучаюць наступныя жанравыя разнавіднасці рамана: гістарычны, псіхалагічны, філасофскі, сацыяльны, бытапісальны, прыгодніцкі, раман-утопію, дэтэктыўны і г. д. Беларускімі пісьменнікамі-класікамі былі створаны сацыяльна-бытавыя, сацыяльна-палітычныя, сатырычныя, філасофскія, гістарычныя раманы, раман у вершах і інш.

Спроба стварыць раман была яшчэ ў Ядвігіна Ш., які пісаў «Золата», але не завяршыў мастацкі тэкст. Першым завершаным раманам у беларускай літаратуры даследчыкі лічаць «Сокі цаліны» Цішкі Гартнага, напісаны ў пачатку ХХ стагоддзя.