§ 13. Максімальны і мінімальны элементы масіву

Практыкаванні

    

1. Змяніце праграмы з прыкладаў 13.1 і 13.2 так, каб знаходзіўся мінімальны элемент у масіве.

2. Для прыкладу 13.5 выканайце пералічаныя заданні.

1. Знайдзіце нумар спартсмена, які прыйшоў на фініш апошнім.
2. Вызначыце, ці быў пераможца адзіным або ёсць яшчэ лыжнік, які прайшоў трасу з такім жа вынікам (гл. прыклад 13.6).
3. Дабаўце яшчэ адзін масіў і ўвядзіце ў яго прозвішчы спартсменаў. Рэалізуйце пункты 1 і 2 так, каб выводзілася прозвішча, а не нумар (гл. прыклад 12.9).

3. Напішыце праграму, якая заменіць у масіве нулямі ўсе элементы, роўныя мінімальнаму.

4. Напішыце праграму, якая заменіць у масіве нулямі ўсе элементы, якія стаяць перад максімальным. Мяркуецца, што ў масіве адзіны максімальны элемент.

5. Напішыце праграму, якая заменіць нулямі ўсе элементы ў масіве, што стаяць пасля мінімальнага. Калі мінімальных элементаў некалькі, то замяняць трэба элементы, што стаяць пасля апошняга мінімальнага.

6. Напішыце праграму, якая вызначыць, які з элементаў — мінімальны або максімальны — сустракаецца ў масіве раней (мае меншы індэкс).

7. Напішыце праграму, якая вызначыць, які з элементаў — мінімальны або максімальны — сустракаецца ў масіве часцей.

8. Напішыце праграму, якая запіша ў новы масіў тыя элементы з зыходнага, якія размешчаны паміж мінімальным або максімальным (па індэксах).

9. У масіве захоўваецца інфармацыя пра кошт аўтамабіляў. Вызначыце кошт самага дарагога аўтамабіля і яго нумар у масіве. Калі ёсць некалькі такіх аўтамабіляў, то выведзіце ўсе нумары.

10. У масіве захоўваецца інфармацыя пра сярэднясутачную тэмпературу снежня. Вызначыце, колькі ў снежні было дзён з самай нізкай і з самай высокай тэмпературай.

11. Памеры n прамавугольнікаў захоўваюцца ў двух масівах (даўжыня і шырыня). Знайдзіце прамавугольнік з мінімальным перыметрам. (Вывесці нумар прамавугольніка і значэнне перыметра.)

12. Вядомы даныя пра масу (у кг) і аб’ём (у см3) n прадметаў, вырабленых з розных матэрыялаў. Знайдзіце прадметы з мінімальнай і максімальнай шчыльнасцямі. Выведзіце нумар прадмета і значэнне шчыльнасці.

13. Зададзены масіў са слоў. Знайдзіце ў ім самае доўгае слова, якое заканчваецца літарай «а».

14. Зададзены масіў са слоў. Знайдзіце ў ім самае кароткае слова, якое пачынаецца з вялікай літары.

15. Зададзены масіў са слоў. Знайдзіце ў ім слова, у якім максімальная колькасць галосных літар. Калі такіх слоў некалькі, выведзіце ўсе.

16. Зададзены масіў са слоў. Знайдзіце ў ім слова, у якім мінімальная колькасць зычных літар. Калі такіх слоў некалькі, то выведзіце самае доўгае з іх.