*§ 17-1. Фінансавая сістэма грамадства
Фінансавая сістэма.
Артыкул 132. Фінансава-крэдытная сістэма Рэспублікі Беларусь уключае бюджэтную сістэму, банкаўскую сістэму, а таксама фінансавыя сродкі пазабюджэтных фондаў, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадзян.
На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая, падатковая, грашова-крэдытная, валютная палітыка.
Артыкул 133. Бюджэтная сістэма Рэспублікі Беларусь уключае рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты.
Даходы бюджэту фарміруюца за кошт падаткаў, што вызначаюцца законам, іншых абавязковых плацяжоў, а таксама іншых паступленняў.
Агульнадзяржаўныя расходы ажыццяўляюцца за кошт рэспубліканскага бюджэту ў адпаведнасці з яго расходнай часткай.
У адпаведнасці з законам у Рэспубліцы Беларусь могуць стварацца пазабюджэтныя фонды.
Дзяржаўныя расходы складаюць частку фінансавых адносін, якая вызначаецца выкарыстаннем даходаў дзяржавы па ажыццяўленні сваіх асноўных функцый. Дзяржаўныя расходы — гэта пастаяннае выкарыстанне дзяржавай грашовых сродкаў з цэнтралізаваных і дэцэнтралізаваных фондаў на мэты і аб’екты, якія вызначаюцца законамі аб бюджэце, пазабюджэтных фондах, нарматыўнымі актамі Урада Рэспублікі Беларусь, а таксама міністэрстваў, ведамстваў і статутамі арганізацый.
Дзяржаўныя расходы ўключаюць расходы бюджэтаў органаў дзяржаўнай улады на яе розных узроўнях і расходы дзяржаўных пазабюджэтных фондаў. Асноўны аб’ём дзяржаўных расходаў выконваецца за кошт сродкаў бюджэтаў розных узроўняў.
Пры ажыццяўленні расходаў абавязковым патрабаваннем з’яўляецца іх уключэнне ў адпаведны фінансавы акт: бюджэт, каштарыс ці баланс.
Дзяржаўныя расходы ажыццяўляюцца наступнымі спосабамі: фінансаванне і прадастаўленне крэдытаў і пазык. Памеры расходаў дзяржавы вызначаюцца з задач і патрэб, адлюстраваных у прагнозах, мэтавых праграмах і планах дзяржавы. Напрыклад, у прагнозах сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.