*§ 16-1. Канкурэнцыя і яе роля ў эканоміцы

Канкурэнцыя. Канкурэнцыя — гэта эканамічная катэгорыя, і каб вызначыць эканамічную сутнасць дадзенага паняцця, звычайна вылучаюць тры падыходы: паводзінскі, структурны і функцыянальны.

icon-persona

Паводзінскі падыход да вызначэння канкурэнцыі лічыцца гістарычна першым (англійскія эканамісты Адам Сміт і Давід Рыкарда). Канкурэнцыю звязваюць са спаборніцтвам, саперніцтвам за ўстанаўленне кантролю на рынку. Ключавым элементам канкурэнтнай барацьбы тут выступаюць цэны, якія ўстанаўліваюцца прадаўцамі на рынку. У прыватнасці, А. Сміт атаясамліваў канкурэнцыю з «сумленным, без змовы, саперніцтвам паміж прадаўцамі за больш выгадныя ўмовы продажу або куплі тавараў».

З канца XIX ст. стаў фарміравацца структурны падыход (англійскія эканамісты Фрэнсіс Эджуорт і Джаан Робінсан), згодна з якім канкурэнцыя характарызуецца тыпам рынку і тымі ўмовамі, якія пераважаюць на дадзеным рынку. У рамках гэтага падыходу надаецца ўвага не столькі самому тавару і яго ўласцівасцям, колькі аналізу структуры рынку, колькасці яго ўдзельнікаў і занятай імі доляй на рынку. У залежнасці ад характару канкурэнцыі звычайна вылучаюць наступныя тыпы рынкаў: дасканалая канкурэнцыя, манапалістычная канкурэнцыя, алігаполія і манаполія.

У рамках функцыянальнага падыходу канкурэнцыя разглядаецца як абавязковы элемент рыначнага механізма, які адыгрывае важную ролю ў нармальным развіцці эканомікі. Прыхільнікамі дадзенага падыходу з’яўляюцца аўстрыйскія эканамісты Іозэф Шумпетэр і Фрыдрых фон Хаек. У прыватнасці, Шумпетэр разумее пад канкурэнцыяй барацьбу «старога з новым», гэта значыць, калі вытворца ўкараняе на рынак новы прадукт (тавар, паслугу) і яму ўдаецца замацаваць там свае пазіцыі, то з рынку будуць выцеснены канкурэнты, якія не ўжываюць інавацыі, прытрымліваюцца састарэлых тэхналогій або іх прадукцыя даўно не цікавая спажыўцам.

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне эканомікі Ф. Хаек прапанаваў разглядаць канкурэнцыю як «працэдуру адкрыцця». На думку выдатнага эканаміста і філосафа, канкурэнцыя ўяўляе каштоўнасць толькі таму, што яе вынікі загадзя невядомыя і непрадказальныя, яны адрозніваюцца ад тых, да якіх кожны прадпрымальнік свядома імкнецца. Калі б фактары, што вызначаюць дзеянні канкурэнтаў, а адпаведна і вынікі канкурэнцыі, былі вядомыя загадзя, зварот да канкурэнцыі не быў бы апраўданы. Але вынікі канкурэнцыі непрадказальныя, таму грамадства, якое арыентуецца на канкурэнцыю, у рэшце рэшт больш паспяхова, чым іншыя, дасягае сваіх мэт.

icon-task
Запоўніце табліцу, выкарыстоўваючы класіфікацыю рынкаў у залежнасці ад тыпу канкурэнцыі і характэрныя рысы асноўных рыначных структур.
Тып рынку Колькасць фірм у галіне Тып тавараў Бар’еры для ўваходжання на рынак Уплыў фірмы на цэны сваіх тавараў Прыклады галін
Дасканалая канкурэнцыя
Манапалістычная канкурэнцыя
Алігаполія
Манаполія

Стыў Джобс і Біл Гейтс. Саперніцтва. Падтрымка канкурэнта. Канкурэнцыя як адкрыццё

У 1997 г. Джобс стаў кіраўніком Apple. Падчас першага выступлення на канферэнцыі Macworld Джобс абвясціў пра атрыманне інвестыцый ад Microsoft, для таго каб Apple змагла застацца на рынку. На вялікім экране праз спадарожнікавую трансляцыю з’явілася выява Біла Гейтса. Калі Apple запусціла iTunes, Гейтс накіраваў супрацоўнікам Microsoft ліст па ўнутранай пошце, у якім гаварылася:

«Здольнасць Стыва Джобса факусіравацца на самых значных рэчах, знаходзіць людзей, якія правільна разумеюць сутнасць карыстальніцкіх інтэрфейсаў, і падносіць новыя прадукты як рэвалюцыйныя проста здзіўляе» (https://rb.ru/story/gates-vs-jobs).