*§ 13-1. Уласнасць і даходы

Уласнасць. З эканамічнага пункту гледжання уласнасць выражае адносіны, якія складваюцца паміж людзьмі адносна сродкаў вытворчасці і прадметаў спажывання (тавараў і паслуг).

Вылучаюць наступныя формы ўласнасці:

● дзяржаўная — аб’екты, якія з’яўляюцца здабыткам усіх грамадзян краіны (кіраванне і распараджэнне такой уласнасцю ад імя народа ажыццяўляюць органы дзяржаўнай улады);

● прыватная — аб’екты індывідуальнай уласнасці, якія прапануюцца ў карыстанне і спажыванне за плату іншым асобам або выкарыстоўваюцца ўласнікам з мэтай атрымання дадатковага даходу (гэты падыход у асноўным адносіцца да сродкаў вытворчасці).

У рамках дадзеных форм існуюць тыпы ўласнасці:

● рэспубліканская дзяржаўная ўласнасць — зямля, яе нетры, сродкі рэспубліканскага бюджэту, дзяржаўныя банкі, дзяржаўныя прадпрыемствы, дзяржаўныя вучэбныя ўстановы і іншыя буйныя аб’екты рэспубліканскага значэння;

● камунальная дзяржаўная — уласнасць у распараджэнні мясцовых органаў улады (гэта сродкі мясцовых бюджэтаў, аб’екты ЖКГ, дзяржаўнага гандлю і бытавога абслугоўвання, гарадскі транспарт, школы, паліклінікі і г. д.);

● асабістая — аб’екты індывідуальнай уласнасці, якія спажываюцца самім уласнікам;

● акцыянерная — тып уласнасці, якая ўзнікае шляхам выпуску і продажу акцый на ўвесь кошт прадпрыемстваў;

● арэндная з наступным выкупам — маёмасць, узятая ў арэнду, за якую ўносіцца арэндная плата (працэнт ад кошту маёмасці) з мэтай паступовага выкупу арэндаванай маёмасці;

● кааператыўная — маёмасць кааператываў як добраахвотнага аб’яднання грамадзян для сумеснай дзейнасці, заснаванай на асабістым працоўным удзеле членаў кааператыва; уласнасць у кааператыве падзелена на часткі па паях і долях;

● уласнасць грамадскіх арганізацый — маёмасць, набытая грамадскімі і рэлігійнымі арганізацыямі, дабрачыннымі і іншымі фондамі.

icon-task
Стварыце кластар, які будзе адлюстроўваць уласнасць як эканамічную і юрыдычную катэгорыю.
Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь утрымлівае наступныя палажэнні:

Артыкул 130. Нерухомыя і рухомыя рэчы

1. Да нерухомых рэчаў (нерухомая маёмасць, нерухомасць) належаць зямельныя ўчасткі, участкі нетраў, паверхневыя водныя аб’екты і ўсё, што трывала звязана з зямлёй, іншымі словамі, аб’екты, перамяшчэнне якіх без несувымернай шкоды іх прызначэнню немагчыма, у тым ліку лес, шматгадовыя насаджэнні, капітальныя пабудовы (будынкі, збудаванні), незавершаныя закансерваваныя капітальныя пабудовы, ізаляваныя памяшканні, машына-месцы.

Да нерухомых рэчаў таксама прыраўноўваюцца прадпрыемствы ў цэлым як маёмасны комплекс, абавязковыя для дзяржаўнай рэгістрацыі паветраныя і марскія судны, судны ўнутранага плавання, судны плавання «рака-мора», касмічныя аб’екты. Заканадаўчымі актамі да нерухомых рэчаў можа быць аднесена і іншая маёмасць.

2. Рэчы, што не належаць да нерухомасці, у тым ліку грошы і каштоўныя паперы, прызнаюцца рухомай маёмасцю. Рэгістрацыя правоў на рухомыя рэчы не патрабуецца, акрамя выпадкаў, указаных у законе.

icon-task

Вызначце, якія з пералічаных рэчаў з’яўляюцца нерухомымі: статак кароў; яблыневы сад; матацыкл; вельмі цяжкая шафа, якую немагчыма зрушыць з месца; пакаёвая кветка; печ; трактар; ліфт у будынку; млын; сабачая будка; калодзеж.

Якім чынам нерухомыя рэчы могуць стаць рухомымі? Калі гэта немагчыма?

Якім чынам рухомыя рэчы могуць стаць нерухомымі?