Абагульненне па раздзеле «Палітычная сфера грамадства»
1. Дайце азначэнні наступным паняццям: выбарчая сістэма, грамадзянскае грамадства, дзяржава, дэмакратыя, канфедэрацыя, манархія, палітыка, палітычная ідэалогія, палітычная партыя, палітычная сістэма, прававая дзяржава, рэспубліка, унітарная дзяржава, фэдэрацыя.
2. Як узаемазвязаны паняцці «ўлада», «дзяржава» і «палітыка»?
3. З апорай на тэкст артыкула 1 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: «Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава» — вызначце, якая форма праўлення, форма дзяржаўнага ладу і палітычны рэжым замацаваны ў Асноўным Законе нашай дзяржавы.
4. Англійскаму палітычнаму дзеячу Уінстану Чэрчылю належыць выказванне: «Дэмакратыя — найгоршая форма праўлення, калі не лічыць усе астатнія». Як вы разумееце дадзенае выказванне? Ці азначае яно, што палітык адмоўна ставіўся да дэмакратыі?
5. Тэорыя грамадскага дагавора з’яўляецца адной з асноўных канцэпцый паходжання дзяржавы. Сутнасць дадзенай тэорыі ў тым, што людзі дамовіліся прыняць пагадненне аб ператварэнні свайго «натуральнага стану» ў «стан грамадзянскі». Грамадскі дагавор азначае пагадненне, якое дасягаецца грамадзянамі па пытаннях правіл і прынцыпаў дзяржаўнага кіравання з адпаведным ім прававым афармленнем. Знайдзіце ў тэкстах параграфаў пацвярджэнне дадзеным ідэям і вызначце, хто з мысліцеляў распрацоўваў тэорыю грамадскага дагавора.
6. Падзяліцеся на групы. У групах стварыце прэзентацыю іміджу ўмоўнага кандыдата ў дэпутаты, падрыхтуйце перадвыбарны зварот кандыдата. Правядзіце перадвыбарныя дэбаты.
7. Палітычная партыя, якая атрымала на выбарах падтрымку большасці выбаршчыкаў, праводзіць праз парламент закон аб забароне другой партыі, што ўдзельнічала ў выбарах і апынулася ў парламенцкай меншасці. Ацаніце дзейнасць кіруючай партыі з пазіцый прынцыпаў дэмакратыі. Патлумачце адказ.
8. Ці згодныя вы з наступным меркаваннем: «СМІ з’яўляюцца чацвёртай уладай»? Абгрунтуйце сваю думку.
9. У XVI ст. быў выдадзены трактат фларэнційскага мысліцеля і дзяржаўнага дзеяча Н. Макіявелі пад назвай «Гасудар», у якім апісваюцца метады кіравання і ўменні, неабходныя для ідэальнага правіцеля. Азнаёмцеся з вытрымкай з дадзенага твора.
«Дык вось, князь не павінен баяцца, што яго зняславяць бязлітасным, калі яму трэба ўтрымаць сваіх падданых у адзінстве і вернасці. Бо, паказаўшы ў крайнасці некалькі страшэнных прыкладаў, ён будзе больш літасцівы да тых, хто праз сваю празмерную паблажлівасць дапускае развіццё беспарадкаў, якія выклікаюць забойствы і рабаванні; гэта звычайна скаланае цэлую абшчыну, а пакаранні, якія накладаюцца князем, падаюць на асобнага чалавека.
Бо той, хто хацеў бы заўсёды верыць у дабро, немінуча загіне сярод мноства людзей, якія цураюцца дабра. Таму князю, які жадае ўтрымацца, неабходна навучыцца ўменню быць недабрадзейным і карыстацца або не карыстацца гэтым.
Зыходзячы з неабходнасці князь павінен быць настолькі мудрым, каб умець пазбягаць бясслаўя тых заганаў, якія пазбаўлялі б яго дзяржавы, іншых жа заганаў, якія не пагражаюць яго панаванню, ён павінен сцерагчыся, калі гэта магчыма; калі ж ён не здольны гэтага зрабіць, то можа даць сабе волю без асаблівых ваганняў».
З імем Н. Макіявелі звязваюць крылатую фразу «Мэта апраўдвае сродкі». Выкажыце свае адносіны да поглядаў Н. Макіявелі.
10. У праграме палітычнай партыі Z адзначаецца: «Партыя і далей будзе паслядоўна выступаць за ажыццяўленне прынцыпу сацыяльнай справядлівасці, годны заробак для людзей працы, дзяржаўную падтрымку адукацыі і аховы здароўя»; у праграмнай заяве партыі Х адзначаецца, што яе галоўнай мэтай з’яўляецца «стымуляванне эканамічнай актыўнасці насельніцтва, развіццё свабоднага прадпрымальніцтва за кошт зніжэння падаткаў і змяншэнне ўмяшання дзяржавы ў эканоміку». Вызначце, да якіх тыпаў партый адносяцца партыі Z і X.