*§ 4-1. Сацыяльная камунікацыя
Сацыяльная камунікацыя. У навуковай літаратуры ёсць мноства падыходаў да класіфікацыі сацыяльнай камунікацыі, што адлюстроўвае шматаспектнасць дадзенага працэсу. Так, вылучаюць вербальную і невербальную камунікацыю. Вербальная камунікацыя выкарыстоўвае ў якасці знакавай сістэмы чалавечае маўленне, натуральную гукавую мову (сістэму фанетычных знакаў). Пры гэтым вербальная камунікацыя падзяляецца на вусную і пісьмовую. Невербальная камунікацыя выкарыстоўвае так званую мову цела, калі ў якасці знакаў выступаюць жэсты, міміка, пантаміміка, вобразы, інтанацыі і да т. п. У паўсядзённых зносінах сродкі невербальнай камунікацыі часцей за ўсё служаць для дапаўнення чалавечага маўлення. Уключэнне час ад часу ў маўленне эмацыйных жэстаў, мімікі, паўз, кашлю, плачу, смеху дазваляе ўзмацніць інтанацыю, падкрэсліць значнасць выказвання.
У залежнасці ад спосабу ўстанаўлення кантакту вылучаюць непасрэдную і апасродкаваную камунікацыю. Непасрэдная камунікацыя характарызуецца наяўнасцю візуальнага кантакту паміж камунікатарам і аўдыторыяй. Апасродкаваная камунікацыя заснавана на выкарыстанні адмысловых сродкаў сувязі (пошта, тэлеграф, тэлефон). Пры гэтым сучасныя сродкі сувязі, якія дазваляюць забяспечыць двухбаковы аўдыёвізуальны кантакт, у значнай ступені сціраюць межы паміж непасрэднай і апасродкаванай камунікацыяй.
У залежнасці ад характарыстыкі суб’ектаў зносін, як правіла, вылучаюць міжасобасную, міжгрупавую і масавую камунікацыю. Міжасобасная камунікацыя рэалізуецца паміж двума або некалькімі індывідамі. У межах міжгрупавой камунікацыі плыні інфармацыі цыркулююць паміж дзвюма або некалькімі групамі (арганізацыямі) з мэтай ажыццяўлення сумеснай дзейнасці або процідзеяння адзін аднаму.