*§ 1-0. Сацыялогія — навука аб грамадстве

Метады сацыялагічнага даследавання. Узнікшы, сацыялогія (як і іншыя навукі) пачала дыферэнцыравацца (падзяляцца) па галінах і ўзроўнях даследавання. Нароўні з тэарэтычнымі працамі ў ёй сталі вылучацца эмпірычныя (прыкладныя), якія атрымалі развіццё ў амерыканскай традыцыі ў канцы XIX – пачатку ХХ ст. Іх фарміраванне ўзняло перад вучонымі шэраг новых метадалагічных праблем, распрацоўка якіх дала новы магутны імпульс развіццю сацыялогіі.

Назапашванне эмпірычнага матэрыялу, неабходнасць яго тэарэтычнага і метадалагічнага асэнсавання прывялі да таго, што ў сацыялогіі сфарміраваўся яшчэ адзін пласт тэарэтычных ведаў. Яго сталі называць тэорыямі сярэдняга ўзроўню. У межах гэтага пласта спецыялісты вывучалі не ўсё грамадства, а яго асобныя інстытуты, структуры і падструктуры. Сталі складвацца самастойныя галіны сацыялагічнага вывучэння эканомікі, палітыкі, сям’і, рэлігіі, горада, вёскі і да т. п. Сацыялагічныя тэорыі сярэдняга ўзроўню маюць сваю ўласную гісторыю, метадалогію і этапы развіцця.

Такім чынам, сацыялогія – складанае навуковае ўтварэнне. Яна шчыльна звязана з сацыяльнай філасофіяй і супастаўная па часе ўзнікнення з філасофіяй. Як самастойная тэарэтычная навука аб грамадстве сацыялогія выдзяляецца, пачынаючы з прац Агюста Конта і Герберта Спенсера, якія з’явіліся ў першай палове XIX ст., рэалізуе свой патэнцыял у пачатку XX ст. як прыкладная навука з адпаведнай тэарэтыка-метадалагічнай прапрацоўкай метадаў эмпірычнага даследавання. У сярэдзіне XX ст. пачынаюць складвацца галіновыя раздзелы сацыялагічных ведаў (сацыялагічныя даследаванні сярэдняга ўзроўню), колькасць якіх пастаянна расце: сацыяльная філасофія, тэарэтычная сацыялогія, прыкладная сацыялогія і сацыялагічныя тэорыі сярэдняга ўзроўню (галіновая сацыялогія), што характарызуе пэўныя этапы станаўлення і развіцця сацыялагічных ведаў і адлюстроўвае яе структурную арганізацыю. Усе гэтыя праявы сацыялагічнай думкі маюць месца ў сучаснай сацыялогіі.

Прадметам сацыялогіі выступаюць усе сістэмныя параметры соцыуму, якія забяспечваюць яго жыццяўстойлівасць у канкрэтных умовах. Сацыялогія – навука аб жыццяздольнасці соцыуму як устойлівай і ўзнаўляльнай формы сацыяльнасці, чалавечага агульнага жыцця – ад сям’і, калектыву, інстытута да грамадства ў цэлым, а значыць, канкрэтнай краіны-дзяржавы, накіраваная на своечасовае выяўленне латэнтных (прыхаваных) адхіленняў і распрацоўку спосабаў папераджальнага аднаўлення сістэмнай раўнавагі.

Сучасная сацыялагічная навука ўяўляе сабой разгалінаваную сістэму ведаў рознага ўзроўню абагульненняў і ўключае:

1) фундаментальныя, агульнасацыялагічныя тэорыіі;

2) спецыяльныя (прыватныя) сацыялагічныя тэорыі (ці тэорыі сярэдняга ўзроўню);

3) канкрэтна-сацыялагічныя даследаванні.

Што такое рэпрэзентатыўная выбарка?

З’яўляецца адным з ключавых паняццяў аналізу даных.

Рэпрэзентатыўнасць вызначае, наколькі магчыма абагульніць вынікі даследавання з прыцягненнем пэўнай выбаркі на ўсю генеральную сукупнасць, з якой яна была сабрана.

Неабходнай умовай пабудовы рэпрэзентатыўнай выбаркі з’яўляецца роўная верагоднасць уключэння ў яе кожнага элемента генеральнай сукупнасці.

icon-task

У горадзе пражывае 100 000 чалавек, пароўну мужчын і жанчын. У выбарцы з 1000 чалавек было 100 мужчын і 900 жанчын.

Што можна сказаць аб праведзеным на падставе гэтай выбаркі сацыялагічным апытанні?

Агульнасацыялагічныя тэорыі і эмпірычныя даследаванні павінны быць звязаны паміж сабой. Калі эмпірычныя даследаванні адлюстроўваюць аб’екты вывучэння з улікам канкрэтных умоў і фактаў, то агульнасацыялагічныя тэорыі паказваюць іх у якасці абстрактных аб’ектаў, тлумачаць істотныя сувязі, адносіны, заканамернасці развіцця. Тэорыі сярэдняга ўзроўню займаюць прамежкавае становішча паміж фундаментальнымі тэорыямі і канкрэтна-прыкладнымі даследаваннямі. Яны абагульняюць і структурыруюць эмпірычныя даныя ў межах асобных галін сацыялагічных ведаў – вывучэння сям’і, адукацыі, арміі, палітыкі, навукі, канфліктаў і да т. п.

icon-discussions

Сям’я як сацыяльны інстытут і сацыяльная група: што вывучае макрасацыялогія і мікрасацыялогія?

Разам з трыма раней названымі ўзроўнямі вылучаюць макра- і мікрасацыялогію. Даследчыкі, якія працуюць у галіне макрасацыялогіі, акцэнтуюць увагу на тыповых узорах паводзінаў, якія дазваляюць разумець грамадства ў цэлым. Гэтыя ўзоры можна назваць структурамі, у ліку якіх сям’я, адукацыя, эканамічны і палітычны лад грамадства, рэлігія. Людзі ўключаны ў сістэму сацыяльных структур і праз іх непасрэдным чынам звязаны паміж сабой. Галоўную цікавасць для макрасацыялагічных тэорый уяўляе вывучэнне глабальных заканамернасцей у развіцці грамадства, узаемаадносін паміж асноўнымі элементамі грамадскай сістэмы і змяненняў гэтых адносін.

Мікрасацыялагічныя канцэпцыі факусіруюць увагу на індывідах, паводзінскіх актах, матывах і тых сэнсах, якія людзі ўкладаюць ва ўзаемадзеянні, якія, у сваю чаргу, уплываюць на працэс узнікнення і развіцця грамадства. Вучоныя, якія працуюць у галіне мікрасацыялогіі, упэўнены, што сацыяльныя з’явы могуць быць зразумелыя толькі з пункту гледжання тых сэнсаў, якія людзі ўкладваюць у сваё ўзаемадзеянне з іншымі людзьмі.