Алгарытм аналізу паэтычнага твора

* Аналіз верша «Летапісец» Максіма Багдановіча

Час і абставіны напісання твора. У 1911 годзе збылася мара Максіма Багдановіча: ён прыехаў у Беларусь і па запрашэнні братоў Луцкевічаў амаль усё лета пражыў у фальварку Ракуцёўшчына каля Маладзечна. Пад уражаннем ад доўгачаканай сустрэчы з родным краем Багдановіч напісаў цыкл вершаў «Старая Беларусь» (Яраслаўль, 1912), куды ўвайшоў і твор «Летапісец».

Пачуцці і эмоцыі, якія выклікае твор. Пасля першага прачытання верш выклікае задумлівы настрой, захапленне багаццем беларускай даўніны, наводзіць на ўспаміны пра далёкіх продкаў.

Асацыяцыі, звязаныя з творам. Твор асацыіруецца з манастырскай цішынёй, скрыпам гусінага пяра, пахам васковай свечкі, шумам марскіх хваль, нагадвае мастацкія палотны пра мінуўшчыну. Матывам старога сасуда (гаршчок з зернем, бутэлька з лістом) тэкст паяднаны з санетам Максіма Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...», а лірычны герой падобны да героя яго ж верша «Перапісчык». Таксама, магчыма, «граматкі пра долю Магілёва» нагадваюць Магілёўскую хроніку (летапісцы Трафім Сурта і Юры Трубніцкі).

Жанр, тэма, ідэя. Філасофскі верш «Летапісец» прысвечаны тэме гістарычнай памяці. Атмасфера Сярэдневякоўя перадаецца і праз эпіграф з верша Янкі Купалы «З мінуўшых дзён». У ім сцвярджаецца думка пра гранічную важнасць захавання гістарычнай спадчыны, бо гэта робіць нямарнымі жыцці і дасягненні людзей папярэдніх эпох, дазваляе ўстанавіць сувязь паміж пакаленнямі.

Назва. У загалоўку лірычны герой названы паводле роду дзейнасці, а не па імені. Такім чынам паказаны абагульнены вобраз руплівых, як пчолы, збіральнікаў, якія карпатліва занатоўваюць памятныя даты нашай гісторыі.

Кампазіцыя. Паводле кампазіцыі верш складаецца з дзвюх сэнсавых частак:
1) праца летапісца: «Старанна літары малыя вываджу...»;
2) аповед пра прынесеную морам бутэльку: «Так мора — ў Гданску я чуваў — прымчыць вадой».

Прасочваецца выразная паралель: як праз многія гады людзям у рукі трапіў ліст ад загінуўшых маракоў, гэтаксама захаваецца і апынецца ў руках нашчадкаў праца летапісца.

Мастацкія вобразы. Перад намі праходзіць шмат вобразаў — як даўніх (войтаў, лаўнікоў, райцаў, паспольства, каралёў), так і сучасных лірычнаму герою (манах-летапісец, рыбакі, якія выцягнулі бутэльку з мора). Гэта не заўжды вядомыя героі, як у сярэдневяковай літаратуры, а звычайныя людзі — так Максім Багдановіч сцвярджае самакаштоўнасць жыцця любога чалавека, які варты таго, каб яго памяталі. Праз паперу летапісца і паперу ў бутэльцы праступае вобраз самой гісторыі.

Заўважныя таксама вобразы, звязаныя з воднай стыхіяй, — вады і мора (паўтараюцца тройчы). Вобразы мора, вады, ракі ў паэзіі часта перадаюць імклівы бег часу.

Лірычны герой. Лірычны герой верша — немалады ўжо чалавек, які пад старасць шукае духоўнага прытулку ў сценах манастыра, прысвячае сябе складанню летапіснага зводу. Ён адначасова падобны і да манаха-перапісчыка Антонія — складальніка зборніка цытат і афарызмаў «Пчала» (ХІ стагоддзе), і да згаданых магілёўскіх летапісцаў.

Твор багаты на выяўленчыя сродкі. Эпітэты ў пачатку верша характарызуюць летапісца: яны апісваюць яго як «годнага веры сведку», што па-манаску сціпла ставіцца да ўласнай працы, называе сваё пісанне «няхітрым». Разнастайнасць занатаваных манахам гістарычных звестак паказана праз паралельныя (падобныя) сінтаксічныя канструкцыі і шматзлучнікавасць:

...Пра войтаў, лаўнікоў, і райцаў, і паспольства,
Пра розных каралёў, і бітвы, і пасольства,        
Што тут чынілася у даўнія гады,                         
Што думалі, чаго жадалі мы тады...                   

Мова твора. Паэт пераважна карыстаецца агульнаўжывальнай лексікай. У творы прысутнічаюць запазычанні з польскай («войтаў», «лаўнікоў», «райцаў», «паспольства») і рускай («дзяла», «патомкі») моў. Пры гэтым вядома, што Магілёўская хроніка была напісана па-польску і па-руску.

Аўтар актыўна ўжывае антонімы. Напрыклад, шырокі ахоп падзей паказаны не толькі праз спалучэнне «ад слова і да слова», а і антанімічнымі эпітэтамі «і добрыя яго, і кепскія дзяла». Антытэза «мёд» — «горкія кветкі» ўтварае выслоўе, якое стала крылатым:
«Так рупная пчала ўмее ў соты мёд зыбраць і з горкіх кветак». Праз антонімы «забудзецца, умрэ, сплыве» — «устане, ажыве», «забылі» — «збудзілі», «знайдуць», «зведаюць» супастаўлена мінуўшчына і сучасны лірычнаму герою перыяд.

Асобную групу складае лексіка, звязаная з пісьмом («летапіс», «пішу», «вываджу», «спісваю», «пісанне», «ліста», «паперу», «літары»), дзе слова «літары» паўтараецца ў пачатку і канцы тэксту, семантычна (сэнсава) закальцоўваючы верш. Названыя словы пераклікаюцца з загалоўкам твора, семантычна пацвярджаюць яго. Паколькі твор мае скразны матыў хуткага бегу, цякучасці часу, то ён пабудаваны на дзеясловах і дзеяслоўных формах: іх у тэксце больш за сорак.

Прааналізуем метрычную будову верша:

Душой стаміўшыся ў жыццёвых цяжкіх бурах,
_ _′ _ _′ _ _ V _ _′ _ _′ _ _′ _                                     
Свой век канчаю я ў манастырскіх мурах...      
_ _′ _ _′ _ _ V _ _ _ _′ _ _′ _                                      

Назіраем шасцістопны ямб, пасля трэцяй стапы ў кожным радку — паўза. Рыфма парная: чаргуюцца дзве жаночыя («бурах» — «мурах») і дзве мужчынскія («пішу» — «вываджу»). Падобны верш выкарыстоўваўся ў ХІІ стагоддзі ў творах-перайманнях з антычнасці — так званых александрыях, таму ён называецца александрыйскім. Гэта стылізацыя набліжае верш Максіма Багдановіча да старажытных тэкстаў, перадае дух эпохі.

Тэксталагічны аналіз. Цыкл вершаў Максіма Багдановіча «Старая Беларусь» («Летапісец», «Перапісчык», «Слуцкія ткачыхі», «Кніга») быў апублікаваны ў другім нумары зборніка «Нашай нівы» (Вільня, 1912) на беларускай мове лацінскім шрыфтам.

У зборніку «Вянок» (Вільня, 1913) верш падаецца ўжо кірылічным шрыфтам і ў адпаведнасці з тагачаснымі нормамі («пісаньне», «сьведак», «пройшлы», «спомінах» і інш.).

У сучасным зборы твораў (Мінск, 1991) захаваны толькі напісанні «весьці» і «пройшлы», а астатнія перадаюцца ў адпаведнасці з нормамі сучаснай беларускай мовы. Там жа прадстаўлены варыянт чарнавога аўтографа, дзе вядомы афарызм выглядае так: «Збірае ў соты мёд і з ліп і з горкіх кветак». Бачым, што, зняўшы слова «ліп», паэт узмацніў антытэзу «салодкі — горкі».

Асабістае меркаванне пра твор. Твор «Летапісец» дазваляе чытачу трапіць у сівую даўніну, адчуць важнасць ведання сваіх каранёў, наводзіць на разважанні пра сэнс чалавечага існавання, ролю асобы ў гісторыі.