Паэма «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся»

Паэма «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся»

Тэма палявання ў беларускай літаратурнай традыцыі распачалася яшчэ з «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага. У ХІХ стагоддзі гэта тэма стала папулярнай: былі апублікаваны такія вядомыя празаічныя тэксты рускіх пісьменнікаў, як «Запіскі ружэйнага паляўнічага Арэнбургскай губерніі» Сяргея Аксакава, «Запіскі паляўнічага» Івана Тургенева. Напрыканцы стагоддзя, у 1898 годзе, у Варшаве на польскай мове выйшла ў свет паэма Янкі Лучыны «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся».

Беларуса ў творах Івана Неслухоўскага нельга аддзяліць ад прыроды. Лес, разлогі, нават балоты — натуральнае асяроддзе для галоўнага героя паэмы Грышкі, яго айкумена1. Ён не толькі ведаў кожную сцяжынку і мог распазнаць след любога звера, а нейкім інстынктам адчуваў прыродную прастору. Герой паэта не цар прыроды — ён яе неад’емная частка. Таму наступ цывілізацыі, перспектывы будаўніцтва чыгункі Грышка ўспрымаў як пагрозу ўласнаму існаванню (бо знікне магчымасць паляваць), парушэнне спрадвечнага парадку быцця.

Янка Лучына лічыў, што яго «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся» былі папулярныя сярод чытачоў, бо «яны арыгінальныя і праўдзівыя, як фатаграфія, бо спісаны з рэальных факцікаў».

У паэме канфлікт прыроды і цывілізацыі роўны канфлікту вёскі і горада. Вёска — прастора сардэчнасці і прастаты, горад жыве розумам і мае складаную сацыяльную і эканамічную арганізацыю. Горад высмоктвае сілы з чалавека, а вёска, наадварот, вяртае іх. Носьбітам гэтай філасофіі з’яўляецца ляснік Грышка. Побач з ім — Паніч, своеасаблівае аlter ego2 самога пісьменніка. У адрозненне ад Францішка Багушэвіча, які адлюстроўваў жыццё свайго народа праз востры сацыяльны канфлікт паміж панам і мужыком (згадаем славутыя радкі верша «Ахвяра»: «Маліся ж, бабулька, да Бога, // Каб я панам ніколі не быў»), Янка Лучына гэты канфлікт амаль не адлюстроўваў. Паніч, калі і не сябра селяніна Грышкі, то яго блізкі прыяцель, дабрадзей і спадарожнік. Тое ж можна сказаць і пра вобраз пана з часоў маладосці Грышкі. Пан не толькі не пакараў палешука за браканьерства (Грышка разам з бацькам забілі мядзведзя), але і ўзнагародзіў, дапамог вяскоўцам перажыць голад.

Такі падыход да трактоўкі ўзаемаадносін паміж мужыком і панам — традыцыя менавіта польскамоўнай літаратуры Беларусі ХVIII і ўсяго XIX стагоддзяў (Францішак Карпінскі, Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Эліза Ажэшка). У Янкі Лучыны пан не стаў злым, а, хутчэй, заблукаў у гарадскіх джунглях, страціў адчуванне праўды. Па гэтай прычыне вяртанне чалавека да прыроднай чысціні, якую ўвасабляе вёска, — гэта і вяртанне да сваіх каранёў, да хрысціянскіх каштоўнасцей.

Адзначым майстэрства Янкі Лучыны ў стварэнні маляўнічых карцін («акварэлек») беларускай прыроды. Паэту не проста ўдалося «скапіраваць» тое, як выглядаюць беларускія гаі, балоты, палеткі. Пейзажы ў паэме перадаюць псіхалагічны стан герояў, прадказваюць іх далейшыя крокі. Што яшчэ больш важна, Янка Лучына не хаваў свайго замілавання роднай зямлёй, выказваў шчырае захапленне яе прыгажосцю. У гэтым «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся» набліжаюцца да паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», да гутарак Уладзіслава Сыракомлі.

Літаратурныя сувязі. І тэматычна, і стылёва польскамоўная творчасць паэта моцна аб’яднана з набыткамі яго папярэднікаў і сучаснікаў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Уладзіслава Сыракомлі, Фелікса Тапчэўскага, Адама Гурыновіча.

 ____________________________


1 Айкумéна — асвоеная чалавецтвам частка свету.
2 Alter ego (другое «я») — рэальная або прыдуманая альтэрнатыўная асоба чалавека (персанаж), у характары і ўчынках якога адлюстроўваецца асоба пісьменніка.