ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Літаратурны працэс
* Літаратурны працэс
Літаратурны працэс
Літаратурны працэс — гістарычнае развіццё літаратуры, якое абумоўлена масавым узаемадзеяннем і ўзаемаўплывам асоб, твораў, крытыкі, грамадска-палітычных абставін, літаратурнага канона і эстэтычных ідэалаў часу. |
У працэсе фарміравання і развіцця літаратуры вылучаюцца найбольш выдатныя пісьменнікі, а іх творы з цягам часу становяцца нацыянальнай класікай.
У пачатку ХХ стагоддзя ў беларускай літаратуры пісьменнікі працавалі найперш у рэчышчы рэалізму і мадэрнізму. Рэалізм, напрыклад, праявіўся ў творчасці Якуба Коласа і Максіма Гарэцкага. Пры гэтым на тагачасных творцаў працягваў аказваць уплыў і рамантызм, прыметы якога ў пачатку ХХ стагоддзя заўважаюцца, напрыклад, у Янкі Купалы і Максіма Багдановіча. Таксама навукоўцы аперыруюць паняццем «неарамантызм», якое можна разумець і як працяг рамантызму, і як напрамак мадэрнізму.
Мадэрнізм — агульная назва многіх літаратурных плыняў, якія вызначаліся засяроджанасцю на ўнутраным свеце чалавека, адасобленасцю ад сацыяльна-гістарычных пераўтварэнняў, элітарнасцю, незвычайнасцю мастацкай формы.
Найбольш актуальнымі для беларускай літаратуры першай трэці ХХ стагоддзя былі такія яго напрамкі, як імпрэсіянізм, сімвалізм і неарамантызм (гл. табліцу «Літаратурны працэс»).
Імпрэсіянізм — літаратурная плынь, у якой дамінуюць суб’ектыўныя ўражанні аўтара і якая вызначаецца фрагментарнасцю і расплывістасцю адлюстравання, увагай да дэталей, адценняў. Адным з заснавальнікаў з’яўляецца французскі паэт Поль Верлен.
Сімвалізм — літаратурная плынь, якая вызначаецца зваротам да філасофскіх таямніц, выкарыстаннем сімволікі, недасказанасці, намёкаў, загадкавых вобразаў. Сімвал — гэта знак, што злучае рэальны свет з ірэальным. Адзін з творцаў узорнага сімвалізму — Аляксандр Блок.
Неарамантызм — «новы рамантызм», эстэтычная плынь, што ўзнікла ў Еўропе на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, развівала эстэтыку рамантызму. У неарамантычных творах апяваліся амбівалентныя героі, якіх разрываюць гарачыя пачуцці; у творах не было адназначнай перамогі дабра над злом.
Паралельна развіваўся авангардызм. Пад гэтай назвай звычайна аб’ядноўваюць наватарскія стылі і плыні мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў, якія адмаўлялі традыцыйныя падыходы ў мастацтве. Авангардных плыняў у сусветнай культуры шмат, але для беларускай літаратуры актуальныя найперш экспрэсіянізм, імажынізм і футурызм.
Экспрэсіянізм — адна з плыняў авангардызму, якая вызначаецца трагічным светапоглядам, напружанасцю пачуццяў, шматзначнасцю матываў, сімвалаў і пepaвaгай плана выражэння ўнутранага зместу над планам знешняга адлюстравання. Узнік як рэакцыя на імпрэсіянізм. Адзін са стваральнікаў экспрэсіянізму — аўстрыец Франц Кафка.
Імажынізм — паэтычная школа, для якой маляванне словам, чыстая вобразнасць значаць больш за тэматыку твораў, дзе аўтары пазбягаюць неабавязковых слоў, цэняць нечаканыя і запамінальныя слоўныя малюнкі. Яскравым імажыністам у сваёй ранняй творчасці быў рускі паэт Сяргей Ясенін.
Футурызм — мастацкі рух 1920-х гадоў, які сцвярджаў мастацтва будучыні праз адмаўленне традыцыйнай культуры. У творах апяваліся гарадская эстэтыка і індустрыялізацыя. Славуты футурыст — рускі паэт Уладзімір Маякоўскі.