§ 36. Электрычны ток у газах. Плазма

Самастойны разрад. Для ўзнікнення самастойнага разраду недастаткова наяўнасці аднаго толькі працэсу ўдарнай іанізацыі. Для падтрымання разраду неабходна, каб у газе пастаянна ўзнікалі носьбіты электрычнага зараду без уздзеянні знешняга іанізатара. Пры руху дадатна зараджаных іонаў да катода іх кінетычная энергія пад уздзеяннем поля павялічваецца. Калі энергія іонаў дастаткова вялікая, то пры ўдары аб катод яны могуць выбіваць з яго паверхні электроны. Гэты працэс называюць другаснай электроннай эмісіяй («эмісія» азначае «выпусканне»). Падчас бамбардзіроўкі катода дадатна зараджанымі іонамі ён награваецца. Пры высокай тэмпературы катода з яго паверхні адбываецца выпусканне электронаў. Такі працэс называюць тэрмаэлектроннай эмісіяй. У выніку гэтых працэсаў у газе ўтвараецца значная колькасць свабодных электронаў. У залежнасці ад ціску газу, яго тэмпературы і напружанасці электрычнага поля другасная электронная эмісія і тэрмаэлектронная эмісія могуць адбывацца адначасова (участак графіка ЕК на мал. 205.1). Такім чынам, пры адсутнасці знешняга іанізатара самастойны разрад будзе падтрымлівацца за кошт другаснай электроннай эмісіі і (або) тэрмаэлектроннай эмісіі з паверхні катода.