§ 3. Макра- і мікрапараметры. Ідэальны газ. Асноўнае ўраўненне малекулярна-кінетычнай тэорыі ідэальнага газу
Найбольш простым з усіх агрэгатных станаў рэчыва з’яўляецца газападобны. Таму вывучэнне ўласцівасцей рэчываў пачынаюць з газаў. Газ (грэч. сhaos — хаос) — такі агрэгатны стан рэчыва, калі часціцы, што яго складаюць, амаль свабодна і хаатычна рухаюцца паміж сутыкненнямі, падчас якіх адбываецца рэзкае змяненне іх скорасці. Тэрмін «газ» прапанаваў на пачатку XVII ст. нідэрландскі хімік Ян Батыст ван Гельмант (1579–1644).
Макра- і мікрапараметры. Пры вывучэнні механікі ў 9-м класе вы пазнаёміліся з паняццем «стан механічнай сістэмы цел». Параметрамі гэтага стану з’яўляюцца каардынаты, скорасці або імпульсы цел. У цеплавых працэсах асноўнымі фізічнымі велічынямі, якія характарызуюць стан макраскапічных цел без уліку іх малекулярнай будовы, з’яўляюцца ціск p, аб’ём V і тэмпература T. Гэтыя фізічныя велічыні называюць макраскапічнымі параметрамі стану. Да мікраскапічных параметраў стану цел адносяць індывідуальныя характарыстыкі малекул: масу асобнай малекулы m0, скорасць , імпульс і кінетычную энергію Ек яе цеплавога руху.
Адна з галоўных задач малекулярна-кінетычнай тэорыі заключаецца ў вызначэнні сувязі паміж макраскапічнымі і мікраскапічнымі параметрамі.