ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Рамантызм як літаратурны напрамак

Рамантызм як літаратурны напрамак

Рамантызм як літаратурны напрамак

Вырашальнай перадумовай развіцця рамантызму сталі падзеі Французскай рэвалюцыі. З’яўленне рамантызму звязана з антыасветніцкім рухам, прычыны якога ляжаць у расчараванні ў сацыяльным, прамысловым, палітычным і навуковым прагрэсе.

Мысліцелі эпохі Асветніцтва ўяўлялі новае грамадства як самае «натуральнае» і «разумнае». Лепшыя розумы Еўропы абгрунтоўвалі і прадказвалі з’яўленне грамадства будучыні, але рэчаіснасць аказалася непадуладнай «розуму», будучыня — непрадказальнай, ірацыянальнай, а дзяржава стала пагражаць прыродзе чалавека і яго свабодзе.

Рамантызм (ад фр. romantisme — ‘рамантызм’) — мастацкі напрамак, які сфарміраваўся на мяжы ХVIII—ХІХ стагоддзяў у краінах Заходняй Еўропы. Цэнтр мастацкай сістэмы рамантызму — асоба, галоўны канфлікт — паміж асобай і грамадствам.

Асноўнай ідэяй рамантызму было прызнанне каштоўнасці духоўна­творчага жыцця кожнага чалавека і яго права на незалежнасць і свабоду. Вельмі часта ў творах эпохі рамантызму дзейнічалі героі, якія валодалі моцным, бунтарскім норавам, сюжэты былі напружаныя і дынамічныя. Адным з сусветна вядомых рамантыкаў­пачынальнікаў лічыцца англічанін Джордж Байран.

Рамантычны герой — вядучы мастацкі вобраз літаратуры рамантызму; выключная асоба ў выключных абставінах, герой, якога не разумее грамадства і які супрацьстаіць недасканаламу свету, пераўтвараючы рэчаіснасць паводле сваіх ідэалаў.

Уздым пачуццяў, выкліканы звышасабовым ідэалам, барацьбой героя з неспрыяльнымі абставінамі і складаным светам, спарадзіў рамантычны пафас.

У літаратуры Беларусі ХІХ стагоддзя рамантызм праявіўся ў творчасці Адама Міцкевіча, Яна Баршчэўскага, Уладзіслава Сыракомлі, якія папярэднічалі прыходу Янкі Купалы — аднаго з самых
вялікіх рамантыкаў і неарамантыкаў славянскага свету. Аказаў уплыў рамантызм і на беларускае мастацтва — творы Валенція Ваньковіча, Вікенція Дмахоўскага, некаторыя працы Яна Дамеля, Артура Бартэльса і многіх іншых мастакоў ХІХ стагоддзя.

У музычным мастацтве рамантыкам лічаць кампазітара Станіслава Манюшку, які звяртаўся ў творчасці да тэкстаў Яна Чачота, Уладзіміра Сыракомлі, Яна Карловіча — знаўцаў і папулярызатараў беларускага фальклору. Кампазітара прываблівалі песенная аснова іх вершаў, народнасць і лаканічная прастата тэкстаў.