Паэтычная творчасць Яна Чачота

Паэтычная творчасць Яна Чачота

Кожны радок верша Яна Чачота «Покуль сонца ўзыдзе...» прасякнуты болем за беларускі народ, які мусіў цярпець жорсткі прыгон. Лірычны герой верша звяртаецца да ўяўнага пана з просьбай: «Пан, ты наш пане! // Будзь жа нам ласкавы, // Не дай аканома, // Што адсцёбаць жвавы». 

Бадай што за кожным словам гэтага верша стаяць факты сацыяльнай няроўнасці, ганебнага, рабскага становішча сялян. Праўда, побач з гэтым відавочным сацыяльным злом у вершы даволі моцна гучыць і матыў веры ў добрага пана, які мусіць прыцягнуць да адказнасці злога падпанка або аканома­ліхадзея. Ян Чачот нават папярэджваў пана:

Хто мужыкоў глуміць,
Надвае варожыць:
Грош пану ў кішэню,
А два сабе ўложыць.

Ян Чачот, нягледзячы на ўсведамленне сацыяльнага зла, усё ж верыў у тое, што паны добрыя, аканомы, наадварот, дрэнныя. Гэта вера ў тое, што арыстакратыя не можа катаваць уласны народ, нарадзілася менавіта ў эпоху Асветніцтва, прыхільнікам якога большую частку жыцця і быў паэт.

Ян Чачот стала ўжываў беларускую мову ў побыце, а таксама ў навуцы і літаратурнай дзейнасці. І гэта было ўнікальным, бо беларуская мова лічылася «мужыцкай», а паўсюль панавалі польская і руская.

Верш «Да мілых мужычкоў» хаця і мае востры сацыяльны характар, пачынаецца ўсё ж з красамоўнага і надзвычай характэрнага для Чачота выказвання: «Ды і я ж між вамі ўзрос // Пры бацьку і маці». 

Паэт у чарговы раз прызнаў роднаснасць з беларускімі сялянамі, нацыянальную ідэнтычнасць, што дало яму права наракаць на заганныя паводзіны, заклікаць сялян да цвярозага жыцця: «Доля, шчасце зачне жыць, // Дзе цвяроза хата». Гутарка тут пра п’янства, якое стала не самым лепшым адказам на сацыяльны і нацыянальны ўціск. Ян Чачот разумеў прычыны гэтай бяды, аднак не апраўдваў тых, хто пакінуў памяць і сумленне ў карчме.

Як вядома, у ХІХ стагоддзе наша краіна ўвайшла без уласнай дзяржаўнасці. Шляхта і магнаты па гістарычных прычынах былі апалячаныя. Стаўленне да беларускіх сялян («хлопаў») было не самае добрае. Ян Чачот у такой сітуацыі казаў ад імя «мужыкоў» («Покуль сонца ўзыдзе...»), пра іх праблемы («Да мілых мужычкоў»), на іх мове («На прыезд Адама Міцкевіча»).

Верш «На прыезд Адама Міцкевіча» мае цікавую гісторыю. Ён быў напісаны адразу пасля атрымання Янам Чачотам ліста ад сябра. Адам Міцкевіч пісаў: «...твае песні, я бачу ў іх агромністы і хуткі прагрэс з часу твайго ўступлення на пісьменніцкую дарогу. Лёгкасць, ды прытым агонь... пераўзышлі нават тыя надзеі, якія я ўскладаў на цябе».

Апроч шчырай павагі і сяброўскай прыязнасці Яна Чачота да Міцкевіча, у вершы надзвычай моцна «заўважаецца паэтыка беларускіх народных песень, даволі скупых на вобразна­выяўленчыя сродкі, але змястоўных сваёй адметнай дакладнасцю і насычаных памяншальна­ласкальнымі словамі» (Уладзімір Мархель):

Адчыняйце ж варотца!
Да ўжо ж на двары Адам.
Да прымайце ж малотца,
Да кажы ж, ці здароў сам?..

Літаратурныя сувязі. Менавіта Ян Чачот зацікавіў Адама Міцкевіча беларускім фальклорам і міфалогіяй, прыхінуў аднаго з геніяў еўрапейскага рамантызму да айчыннай гісторыі і культуры. Адам Міцкевіч, без перабольшання, абавязаны Чачоту сваёй фантастычнай папулярнасцю.