§ 7. ПОЛАЎЗРОСТАВАЯ СТРУКТУРА НАСЕЛЬНІЦТВА СВЕТУ

Полаўзроставая структура насельніцтва свету, паказчыкі, тыпы. Адной з важных дэмаграфічных і эканамічных характарыстык краіны з’яўляецца размеркаванне насельніцтва па ўзросце і поле. Звесткі аб полаўзроставай структуры насельніцтва дазваляюць атрымаць даныя аб колькасці працоўных рэсурсаў або колькасці насельніцтва, якое знаходзіцца на ўтрыманні ў дзяржавы, — пенсіянераў, дзяцей. Ад суадносін колькасці мужчын і жанчын залежаць структура занятасці насельніцтва па відах эканамічнай дзейнасці і гаспадарчая спецыялізацыя краіны. Колькасць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту можа паўплываць на колькасць нараджэнняў і колькасць будучага насельніцтва.

Полаўзроставая структура насельніцтва — гэта размеркаванне насельніцтва канкрэтнай тэрыторыі па ўзроставых групах і паводле полу ў адпаведнасці са значэннямі гэтых дэмаграфічных прыкмет.

Ва ўзроставай структуры насельніцтва размяркоўваецца, як правіла, па аднагадовых або пяцігадовых узроставых групах. Часам выкарыстоўваюць узбуйненае размеркаванне на тры асноўныя групы: 0–14 гадоў, 15–59 гадоў, 60+ гадоў.

Узроставая структура насельніцтва складаецца пад уплывам асаблівасцей яго ўзнаўлення. Таму яе вызначае ўзровень нараджальнасці і смяротнасці. На ўзроставую структуру насельніцтва асобных тэрыторый уплывае таксама міграцыя, паколькі ў адных узростах людзі мяняюць месца жыхарства часцей, чым у іншых. Асабліва моцна ўплываюць на ўзроставую структуру насельніцтва войны: не толькі прамыя ваенныя страты, але і скарачэнне нараджальнасці, павелічэнне смяротнасці грамадзянскага насельніцтва і рост міграцыі.

Для вывучэння ўзроставай структуры насельніцтва выкарыстоўваюць шэраг паказчыкаў (мал. 42). Для нагляднага і сумеснага ўяўлення ўзроставай і палавой структур насельніцтва выкарыстоўваюць графічную выяву — полаўзроставую піраміду (мал. 43).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Піраміда ўяўляе з сябе двухбаковую дыяграму сумеснага размеркавання насельніцтва паводле полу і ўзросту, на якой колькасць людзей пэўнага ўзросту і полу ці іх доля ў насельніцтве адлюстроўваецца гарызантальнай паласой пэўнага маштабу. З правага боку графіка малюецца жаночае насельніцтва, з левага — мужчынскае. Палосы размяшчаюцца адна над другой у парадку павелічэння значэнняў узросту, звычайна ад 0 да 100 гадоў. Вертыкальная вось дыяграмы ўяўляе з сябе шкалу ўзросту, выяўленую ў адна- або пяцігадовых інтэрвалах. Паколькі з прычыны смяротнасці ў старэйшых узростах колькасць людзей, як правіла, меншая, малюнак атрымаў назву піраміды.

У залежнасці ад суадносін долі насельніцтва ва ўзросце 0–14 гадоў і 60+ гадоў вылучаюць тры тыпы ўзроставай структуры насельніцтва.

1. Прагрэсіўны — з вялікай доляй дзяцей у агульнай колькасці насельніцтва, якая пераважае над доляй насельніцтва ва ўзросце 60+ гадоў, і высокім натуральным прыростам. Гэты тып адпавядае пашыранаму тыпу ўзнаўлення насельніцтва і прадстаўлены пераважна ў краінах, якія развіваюцца (напр., Малаві, Тайланд, Парагвай).

2. Стацыянарны — з амаль ураўнаважанай доляй насельніцтва ва ўзросце да 15 і 60+ гадоў, невысокім натуральным прыростам або яго адсутнасцю. Гэты тып адпавядае простаму тыпу ўзнаўлення насельніцтва і прадстаўлены ў шэрагу краін, якія развіваюцца, і развітых краінах з вялікім міграцыйным прыростам (напр., Аўстралія, Чылі, Эквадор).

3. Рэгрэсіўны — з параўнальна вялікай доляй насельніцтва ва ўзросце 60+ гадоў (больш за 12 %) і натуральнай стратай насельніцтва. Гэты тып адпавядае звужанаму тыпу ўзнаўлення насельніцтва і пераважае ў развітых краінах (напр., Грэцыя, Японія, Германія).

Кожнаму тыпу ўзроставай структуры насельніцтва адпавядае свой тып полаўзроставай піраміды. Прагрэсіўнаму тыпу структуры адпавядае піраміда ў форме правільнага трохвугольніка, стацыянарнаму — у форме звана, рэгрэсіўнаму — у форме ўрны (мал. 44).

Дынаміка ўзроставай структуры насельніцтва свету з другой паловы ХХ ст. характарызуецца скарачэннем колькасці насельніцтва ў маладым узросце (0–14 гадоў) у сувязі з памяншэннем нараджальнасці і ростам колькасці насельніцтва ў старэйшых узростах. У 2018 г. аснова піраміды прыкметна звужаецца, цэнтральная частка пашыраецца. Гэта сведчыць аб адпаведнасці яе стацыянарнаму тыпу і тэндэнцыях старэння (мал. 45). У сусветнай структуры доля насельніцтва ва ўзросце да 15 гадоў складае 26 %, ва ўзросце 65+ гадоў — 9 %.

Паміж развітымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца, існуюць значныя адрозненні ва ўзроставай структуры. З-за высокай нараджальнасці, што забяспечвае пашыранае ўзнаўленне насельніцтва, у краінах, якія развіваюцца, пераважае прагрэсіўны тып узроставай структуры. Доля дзяцей складае 28 %, насельніцтва, старэйшага за 65 гадоў, — 7 %. У развітых краінах пры скарачэнні нараджальнасці, натуральным змяншэнні і звужаным тыпе ўзнаўлення пераважае рэгрэсіўная структура насельніцтва з доляй насельніцтва ва ўзросце 65+ гадоў 18 % і да 15 гадоў — 16 %.

У выніку скарачэння нараджальнасці, зніжэння смяротнасці і павелічэння працягласці жыцця ўзроставая структура насельніцтва свету пачынае дэмаграфічна старэць і адпавядаць рэгрэсіўнаму тыпу.

Свет і Беларусь. Якія гістарычныя падзеі паўплывалі на форму дэмаграфічнай піраміды Рэспублікі Беларусь? Да якога тыпу адносіцца ўзроставая структура насельніцтва Беларусі? Якая працягласць жыцця мужчын і жанчын у Рэспубліцы Беларусь?

Дэмаграфічнае старэнне — гэта павелічэнне колькасці і долі асоб пажылога і старога ўзросту (60/65+) у структуры насельніцтва, якое з’яўляецца следствам росту ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадства.

У свеце цікавага. Працэс старэння ўпершыню стаў назірацца ў XIX ст. у Францыі, калі доля насельніцтва ва ўзросце 60+ гадоў перавысіла 12 %. У 1901 г. парог дэмаграфічнай старасці пераступіла Швецыя, у 1931 г. — Вялікабрытанія, у 1937 г. — Германія.

Насельніцтва свету ва ўзросце 60+ гадоў налічвала ў 2017 г. 962 млн чалавек, што ў два разы больш у параўнанні з 1980 г. У структуры насельніцтва доля пажылога насельніцтва складае 12,7 %, што з’яўляецца сведчаннем наступлення стадыі дэмаграфічнай старасці на глабальным узроўні (мал. 46). Па прагнозах ААН, чакаецца, што да 2050 г. колькасць пажылых людзей зноў падвоіцца і дасягне 2,1 млрд чалавек.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Для характарыстыкі дэмаграфічнага старэння краіны выкарыстоўваюцца дзве шкалы старэння. Згодна са шкалой старэння ААН, распрацаванай для насельніцтва ва ўзросце 65+ гадоў, краіна ўступае ў стадыю старэння, калі доля насельніцтва ў гэтым узросце перавышае 7 %. Па шкале польскага навукоўца Э. Росета, мяжой старэння выступае доля насельніцтва ва ўзросце 60+ гадоў, роўная 12 %.

Старэнне разглядаецца як натуральны і сучасны працэс, які адсутнічаў у ранейшых чалавечых цывілізацыях і з’яўляецца доляй насельніцтва эканамічна развітых краін. Развітыя дзяржавы характарызуюцца надзвычай пастарэлай узроставай структурай насельніцтва, дзе 25 %, або кожны чацвёрты жыхар, знаходзіцца ва ўзросце 60+ гадоў. У 2017 г. самымі дэмаграфічна старымі дзяржавамі свету з’яўляліся Японія (33,4 %), Італія (29,4 %), Германія (28 %). Пры гэтым найбольшая колькасць пажылых людзей свету — больш за 2/3 — пражывае ў краінах, якія развіваюцца, і яна расце хутчэй, чым у развітых. Паводле прагнозаў, да 2050 г. іх колькасць у дадзенай групе ўзрасце да 1,7 млрд чалавек, або 79 % насельніцтва свету, ва ўзросце 60+ гадоў.

У свеце цікавага. Па прагнозах, да 2050 г. у развітых краінах ва ўзросце 60+ гадоў будзе знаходзіцца больш чым кожны трэці жыхар, ці 32,9 %. У дзясятку першых дзяржаў разам з прадстаўнікамі развітых краін упершыню ўвойдуць краіны, якія развіваюцца, — Рэспубліка Карэя (41,6 %), Тайвань (правінцыя Кітая 41,3 %) і Сінгапур (40,1 %). Самай дэмаграфічна старой краінай прагназуецца Японія — 42,4 %.

Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце краіны з прагрэсіўнай, стацыянарнай і рэгрэсіўнай узроставай структурай насельніцтва. Прывядзіце прыклады краін, дзе адзначаецца дэмаграфічнае старэнне насельніцтва, і краін са значнай доляй маладога насельніцтва.