§ 39. Тлушчы

Мылы. Паняцце аб сінтэтычных мыйных сродках

Разгледзім, як праяўляецца мыйны эфект мыла. У вадзе каліевыя і натрыевыя солі карбонавых кіслот дысацыіруюць на іоны:

img

Аніён вышэйшай карбонавай кіслаты ўяўляе сабой доўгі вуглевадародны радыкал, звязаны з групай img COO. Гэтыя два фрагменты валодаюць процілеглымі ў адносінах да вады ўласцівасцямі. Практычна непалярны вуглевадародны радыкал не раствараецца ў вадзе — з’яўляецца гідрафобным. Палярная група img COO, наадварот, моцна ўзаемадзейнічае з вадой — з’яўляецца гідрафільнай:

img

Так як гідрафобная частка імкнецца выштурхнуцца з вады, аніёны вышэйшых карбонавых кіслот размяшчаюцца на паверхні вады наступным чынам:

img

За кошт гідрафобнай часткі, што знаходзіцца над паверхняй, аніёны карбонавых кіслот узаемадзейнічаюць з часціцамі забруджвальніка, напрыклад тлушчу, якія таксама валодаюць малой палярнасцю («падобнае раствараецца ў падобным»). Пры гэтым утвараюцца кропелькі, у якіх гідрафільныя часткі мыла накіраваны вонкі і ўзаемадзейнічаюць з вадой, а гідрафобныя часткі ўзаемадзейнічаюць з забруджвальнікам, змешчаным унутры кроплі. Гэта значыць, мыла з’яўляецца своеасаблівым пераносчыкам нерастваральнага ў вадзе забруджвання ў раствор. Апісаны працэс можна наглядна адлюстраваць у наступным выглядзе:

img

Мыйнае дзеянне мыла зніжаецца ў вадзе, якая змяшчае іоны Ca2+ і Mg2+, такая вада называецца жорсткай. Прычына ў тым, што іоны Ca2+ і Mg2+ утвараюць з аніёнамі кіслотных астаткаў вышэйшых кіслот нерастваральныя солі:

img

Пры гэтым аніён кіслотнага астатку звязваецца ў нерастваральнае злучэнне, выводзіцца з раствору, і мыла губляе мыйнае дзеянне.

У цяперашні час распрацаваны сінтэтычныя мыйныя сродкі, якія валодаюць мыйным дзеяннем нават у жорсткай вадзе, так як не ўтвараюць асадкаў з іонамі Ca2+ і Mg2+. Прыкладам такога злучэння з’яўляецца лаўрылсульфат натрыю С12Н25OSO2ОNa.

Сучасныя мыйныя сродкі ўяўляюць сабой шматкампанентныя сумесі, у састаў якіх уваходзяць солі карбонавых кіслот і сінтэтычныя мыйныя сродкі, а таксама араматызатары, антызлежвальныя кампаненты, рэчывы, што рэгулююць пенаўтварэнне, і інш.

Аснову тлушчаў складаюць трыгліцэрыды — складаныя эфіры, утвораныя трохатамным спіртам гліцэрынай і вышэйшымі тлустымі кіслотамі.

У цвёрдых тлушчах вялікае змяшчэнне астаткаў насычаных тлустых кіслот; у састаў вадкіх тлушчаў пераважна ўваходзяць трыгліцэрыды, утвораныя астаткамі ненасычаных карбонавых кіслот.

У выніку гідрыравання вадкіх тлушчаў атрымліваюць цвёрдыя тлушчы.

Прадуктамі кіслотнага гідролізу тлушчаў з’яўляюцца гліцэрына і карбонавыя кіслоты, шчолачнага гідролізу — гліцэрына і солі карбонавых кіслот.

Натрыевыя і каліевая солі вышэйшых тлустых кіслот з’яўляюцца кампанентамі мыйных сродкаў.