§ 30. Хімічныя ўласцівасці, атрыманне і прымяненне альдэгідаў

Пытанні і заданні

1. Якія спірты ўтвараюцца ў выніку аднаўлення вадародам этаналю і 2-метылпрапаналю? Напішыце ўраўненні рэакцый, назавіце прадукты, якія ўтвараюцца.

2. Напішыце ўраўненне рэакцыі прапаналю з гідраксідам медзі(II) пры награванні. Апішыце з’явы, якія назіраюцца.

3. У выніку награвання воднага раствору рэчыва А з аміячным растворам аксіду серабра ўтвараецца кіслата Б, а сценкі прабіркі пакрываюцца сярэбраным налётам.

Пры прапусканні сумесі рэчыва А з вадародам над нагрэтым нікелевым каталізатарам утвараецца спірт В. Пры награванні спірту В з канцэнтраванай сернай кіслатой атрымліваецца вуглевадарод Г, крыху лягчэйшы за паветра. Устанавіце формулы рэчываў А—Г і прывядзіце ўраўненні рэакцый, апісаных у заданні.

4. У выніку акіслення 2,15 г гамолага воцатнага альдэгіду аміячным растворам Ag2O было атрымана 5,4 г серабра. Устанавіце малекулярную формулу альдэгіду.

5. Адным з сучасных прамысловых метадаў атрымання воцатнага альдэгіду з’яўляецца акісленне этылену хларыдам паладыю ў прысутнасці хларыду медзі(II) і кіслароду паветра (Вакер-працэс)

img (каэфіцыенты не расстаўлены!)

Для сінтэзу этаналю ў прамысловых умовах сумесь этылену і кіслароду прапускаюць праз рэактар, які змяшчае раствор хларыдаў паладыю і медзі(II), пры тэмпературы 130 °С і ціску 400 кПа. Вядома, што ступень ператварэння рэчываў у рэактары ў названых умовах складае 25 %. Укажыце масу этаналю, які ўтвараецца з этылену аб’ёмам (н. у.) 10 м3 і дастатковай колькасці кіслароду.

6*. Пры дзеянні вады на цвёрдае рэчыва А ўтвараецца газ (н. у.) Б, лягчэшы за паветра. Пры прапусканні Б праз гарачы водны раствор, які змяшчае серную кіслату і сульфат ртуці(II), утвараецца арганічнае рэчыва В. Рэчыва В можна таксама атрымаць двухстадыйным сінтэзам. Спачатку рэчыва Б гідрыруюць на спецыяльных каталізатарах. Пры гэтым утвараецца газ (н. у.) Г, лягчэйшы за паветра. Потым сумесь газу Г і кіслароду паглынаюць водным растворам, які змяшчае сумесь CuCl2 і PdCl2. Пры гэтым утвараецца рэчыва В.

а) Прывядзіце формулы рэчываў А, Б, В і Г.

б) Напішыце ўраўненні ўсіх апісаных у задачы рэакцый.

в) Пры гідрыраванні рэчыва В утвараецца рэчыва Д, якое мае толькі адзін ізамер (рэчыва Е). Прывядзіце формулы і назвы рэчываў Д і Е, а таксама ўраўненне рэакцыі гідрыравання рэчыва В.

г) Тэмпература кіпення якога рэчыва (Д або Е) вышэйшая і чаму?

7*. Напішыце схемы рэакцый, з дапамогай якіх можна атрымаць у дзве стадыі бромэтан, зыходзячы з воцатнага альдэгіду.