§ 21. Прыродныя крыніцы вуглевадародаў і іх выкарыстанне

*Прадпрыемствы нафтахімічнага комплексу Рэспублікі Беларусь

У нашай краіне дзейнічаюць два найбуйнейшыя нафтаперапрацоўчыя заводы — у Наваполацку (ААТ «Нафтан») і Мазыры (ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод»). Асноўныя прадукты перапрацоўкі нафты — аўтабензіны, дызельнае паліва, авіяцыйныя бензіны, змазачныя алеі, араматычныя вуглевадароды.

У Наваполацку, акрамя прадуктаў нафтаперапрацоўкі, з нафты атрымліваюць шмат іншай каштоўнай прадукцыі: поліэтылен і вырабы з яго (поліэтыленавая плёнка, трубы, электраізаляцыйныя матэрыялы і інш.); прадукты арганічнага сінтэзу (кампаненты для атрымання сінтэтычных валокнаў і пластмас), асобныя вуглевадароды і многае іншае.

Прадукцыя, якая выпускаецца на беларускіх заводах, адказвае сучасным экалагічным патрабаванням. Прамысловыя сцёкі прадпрыемстваў праходзяць поўны цыкл глыбокай ачысткі.

Найважнейшымі задачамі, якія стаяць перад прадпрыемствамі нафтахімічнага комплексу нашай краіны, з’яўляецца павелічэнне глыбіні перапрацоўкі нафты, павышэнне якасці прадуктаў, што атрымліваюць, у тым ліку з пункту гледжання іх экалагічнай чысціні, паляпшэнне экалагічнасці вытворчасцей за кошт утылізацыі адходаў і атрымання з іх новых відаў прадукцыі.

img