§ 21. Прыродныя крыніцы вуглевадародаў і іх выкарыстанне

Ахова навакольнага асяроддзя

Апісаныя працэсы звязаны з перапрацоўкай гіганцкіх аб’ёмаў нафты, якія складаюць некалькі мільярдаў тон у год. У сувязі з гэтым першараднае значэнне мае ахова вакольнага асяроддзя пры здабычы нафты і яе перапрацоўцы.

Пападанне нафты і нафтапрадуктаў у навакольнае асяроддзе надзвычай небяспечна. Гэта звязана як з пажара- і выбухованебяспечнасцю вуглевадародаў, так і з таксічнасцю кампанентаў нафты і прадуктаў іх ператварэнняў. Забруджванне нафтай можа дасягаць вельмі вялікіх маштабаў. Так, адна тона нафты здольна пакрыць тонкай плёнкай участак паверхні мора плошчай да тысячы гектараў. Таму сёння актуальны пытанні, звязаныя не толькі з эфектыўнасцю здабычы і перапрацоўкі нафты, але і з бяспекай гэтых працэсаў. Акрамя таго, вялікую ўвагу прыходзіцца надаваць праблемам бяспекі пры транспарціроўцы і выкарыстанні нафты і нафтапрадуктаў, а таксама распрацоўцы метадаў ліквідацыі наступстваў аварыйных сітуацый, звязаных з пападаннем гэтых рэчываў у навакольнае асяроддзе.

Як бачна, праблем вельмі многа, таму ахова навакольнага асяроддзя павінна забяспечвацца ў цэлым радзе галін прамысловасці, звязаных як са здабычай нафты, так і з яе транспарціроўкай, перапрацоўкай і выкарыстаннем.

На стадыі здабычы ў цяперашні час актуальнай з’яўляецца задача павышэння эфектыўнасці выкарыстання існуючых радовішчаў з мэтай найбольш поўнай здабычы нафты з нетраў. Каб павысіць нафтааддачу, прымяняюцца метады падачы ў нафтавыя пласты вады і розных раствораў. Гэта дазваляе забяспечваць высокі ўзровень здабычы без неабходнасці асваення новых радовішчаў.

Экалагічна бяспечная перапрацоўка нафты павінна быць безадходнай. Гэта датычыцца, у першую чаргу, глыбокай перапрацоўкі ўсіх кампанентаў нафты ў неабходныя прадукты. Дадзеную праблему ў многім вырашае ўдасканаленне тэхналогіі вытворчасці. Акрамя таго, нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы абсталёўваюцца сістэмамі ачысткі (адстойванне, фільтраванне, мікрабіялагічная і хімічная ачыстка сцёкавых вод і інш.).

Ахова навакольнага асяроддзя на стадыі транспарціроўкі нафты звязана з удасканаленнем правілаў тэхнікі бяспекі і распрацоўкай метадаў ачысткі нафтавых ёмістасцей (у асноўным, танкераў) ад рэшткаў нафты, каб пазбегнуць пападання яе ў навакольнае асяроддзе. Ліквідацыя наступстваў надзвычайных сітуацый у выпадку забруджвання нафтай ажыццяўляецца з прымяненнем навейшых навукова-тэхнічных дасягненняў (лакалізацыя зон забруджвання і наступны збор нафты).

Вялікае значэнне для аховы навакольнага асяроддзя мае таксама распрацоўка прагрэсіўных энергазберагальных тэхналогій, якія дазваляюць скараціць спажыванне нафтапрадуктаў і тым самым знізіць небяспеку і шкоду для навакольнага асяроддзя.

* Прадпрыемствы
нафтахіміі
Рэспублікі Беларусь

У апошнія гады намецілася тэндэнцыя паступовага пераходу ад аўтамабіляў, якія працуюць на вуглевадародным паліве, да электрамабіляў. Гэта, несумненна, будзе спрыяць паляпшэнню стану навакольнага асяроддзя.

Кожны з нас можа зрабіць свой унёсак у гэтую дзейнасць, проста не забыўшыся выключыць святло, адмяніўшы неактуальную паездку на аўтамабілі і г. д. Усведамляючы маштабы дзейнасці чалавека, у тым ліку ў выкарыстанні нафты, важна зразумець, што захаванне нашай унікальнай планеты — справа кожнага з нас.

З асноўнымі прадпрыемствамі нафтахімічнай прамысловасці нашай краіны вы можаце пазнаёміцца, перайшоўшы па спасылцы ў QR-кодзе.

Асноўныя прыродныя крыніцы вуглевадародаў — прыродны газ і нафта.

Уся здабываемая нафта падвяргаецца перапрацоўцы. Перапрацоўка бывае першасная і другасная.

У працэсе першаснай перапрацоўкі нафту шляхам перагонкі падзяляюць на асобныя фракцыі, якія потым выкарыстоўваюцца як паліва, сыравіна для хімічнай прамысловасці і для другаснай перапрацоўкі.

Другасная перапрацоўка нафты заключаецца ў змяненні будовы малекул вуглевадародаў, якія ўваходзяць у яе састаў. У выніку павялічваецца выхад бензіну і павышаецца яго актананавы лік. У працэсе другаснай перапрацоўкі нафты таксама атрымліваюць шматлікія каштоўныя прадукты для хімічнай прамысловасці.

Адна з важнейшых праблем перапрацоўкі нафты — ахова навакольнага асяроддзя.