§ 21. Прыродныя крыніцы вуглевадародаў і іх выкарыстанне

Прыродны газ

Асноўным кампанентам прыроднага газу з’яўляецца метан. Акрамя метану ў прыродным газе прысутнічаюць этан, прапан і бутаны. Звычайна чым вышэйшая малекулярная маса вуглевадароду, тым меншае яго змяшчэнне ў прыродным газе. Састаў прыроднага газу розных радовішчаў неаднолькавы. У табліцы прыведзена прыкладная колькасць рэчываў у прыродным газе.

Табліца 21.1. Прыкладны састаў прыроднага газу
Формула рэчыва CH4 С2Н6 С3Н8 С4Н10 N2 і інш. газы
Змяшчэнне ў % па аб’ёме 70—98 < 5 < 2 < 1 < 10

Прыродны газ выкарыстоўваецца ў асноўным у якасці паліва. Ён мае шэраг пераваг над цвёрдым і вадкім палівам: пры яго згаранні вылучаецца больш цяпла, ён не пакідае попелу, прадукты яго згарання больш экалагічна чыстыя. Прыродны газ выкарыстоўваецца на цеплавых электрастанцыях, у якасці гаручага для газавых пліт, паліва для аўтамабіляў г. д.