§ 20. Хімічныя ўласцівасці, атрыманне і прымяненне бензолу

Атрыманне бензолу

З прыродных крыніц

Дзякуючы высокай устойлівасці спалучанай сістэмы π-сувязей, араматычныя фрагменты сустракаюцца ў саставе каменнага вугалю. Таму адным са спосабаў атрымання бензолу з’яўляецца перапрацоўка каменнага вугалю. Пры моцным награванні без доступу паветра каменны вугаль падвяргаецца складаным хімічным ператварэнням. У выніку ўтвараецца шмат лятучых прадуктаў, з якіх, разам з іншымі рэчывамі, здабываюць бензол.

Бензол атрымліваюць таксама ў выніку перапрацоўкі нафты. Гэтыя працэсы будуць разгледжаны ў наступным параграфе.

З ацэтылену

Бензол можна атрымаць з ацэтылену:

img

У дадзенай рэакцыі з трох малекул ацэтылену ўтвараецца адна цыклічная малекула бензолу, таму гэта рэакцыя называецца рэакцыяй цыклатрымерызацыі.

Дадзеная рэакцыя працякае пры прапусканні ацэтылену над нагрэтым актывіраваным вугалем.