РАМАНТЫЗМ У ЕЎРАПЕЙСКІМ І БЕЛАРУСКІМ МАСТАЦТВЕ СЛОВА КАНЦА ХVІІІ — ПЕРШАЙ ПАЛОВЫ ХІХ СТАГОДДЗЯ

* Рамантызм у еўрапейскім і беларускім мастацтве слова канца ХVІІІ — першай паловы ХІХ стагоддзя

Рамантызм як літаратурны напрамак сцвердзіў свае пазіцыі ў краінах Заходняй Еўропы ў канцы ХVIII стагоддзя. Прычыны яго ўзнікнення трэба шукаць у наступствах Французскай рэвалюцыі, якая здзяйснялася ў перыяд Асветніцтва дзеля ўсеагульнага дабра, братэрства і міру, але прынесла матлікія страты і разбурэнні. Расчараванне ў выніках рэвалюцыі адначасова было і расчараваннем у магчымасцях чалавечага розуму зрабіць свет лепшым. Ідэалогіі Асветніцтва, якая засноўвалася на рацыяналізме, быў супрацьпастаўлены ірацыяналізм рамантызму.

Даволі хутка рамантызм узялі на ўзбраенне філосафы, дзеячы мастацтва, паэты і пісьменнікі. Гэты новы мастацкі метад прынёс у літаратуру прынцып індывідуальнасці, самабытнасці творчасці, катэгарычнае непрыняцце будзённасці жыцця, культ пачуццяў, захапленне гісторыяй і фальклорам. Нарэшце, у рамантызме выявіўся своеасаблівы тып героя­бунтара, які выразна праявіўся ў творчасці Джорджа Байрана, Аляксандра Пушкіна, Адама Міцкевіча, крыху пазней — Тараса Шаўчэнкі, Янкі Купалы, Майроніса і інш.

На тэрыторыі тагачаснай Беларусі новы літаратурны напрамак з’явіўся ў 1820­-я гады і праіснаваў прыблізна да 1860-­х гадоў. Аднак перш чым Адам Міцкевіч абвясціў маніфест рамантызму ў першым паэтычным зборніку («Паэзія», 1822), існаваў перыяд так званага перадрамантызму, адной з самых яркіх ідэйна­мастацкіх з’яў якога быў сентыменталізм.

Сялянка
даўні паэтычны жанр, у якім апяваюцца праца і побыт вяскоўца, каханне на ўлонні прыроды, вяртанне ў залаты век беззаганнага існавання.

На тэрыторыі цяперашняй Беларусі сентыменталізм узнік у 1760-­я гады ў асяроддзі польскамоўных паэтаў. Пачынальнікам гэтага напрамку быў Францішак Карпінскі — надворны паэт князя Чартарыйскага, «паэт сэрца», як яго называлі, аўтар твораў у жанры сялянкі, дыдактычнай п’есы («Чынш»). Да пачынальнікаў сентыменталізму трэба аднесці і Францішка Князьніна, аўтара лібрэта да оперы Міхала Казіміра Агінскага «Цыганы».

Аўтар, творчасць якога лічыцца пераходнай ад класіцызму да рамантызму, — Юльян Нямцэвіч. Мастацкі метад пісьменніка не абмежаваны строгай нарматыўнасцю, не скаваны абстрактнасцю тыпізацыі. У ім праявіліся канкрэтна­гістарычныя прыметы часу, а створаныя пісьменнікам вобразы мелі глыбока індывідуальныя рысы. Чужы пісьменніку і «мёртвы рацыяналізм», жаданне «выкрасаць прыгажосць з матэматычных формул». Юльян Нямцэвіч — перадрамантык, а яго мастацкі стыль нагадвае паэзію Яна Чачота.

Прымхі
ірацыянальныя кампаненты грамадскай і індывідуальнай свядомасці, якія датычаць незвычайнага, цудадзейнага і страшнага.

Развіццё класічнага рамантызму ў літаратуры Беларусі звязана з творчасцю славутага паэта з Наваградка Адама Міцкевіча (1798—1855). Яго першая кніга «Паэзія» нарадзілася пад уплывам нямецкіх рамантыкаў Шлегеля, Шылера, Наваліса, Гётэ. Іх уплыў выявіўся ў творчым выкарыстанні фальклорных сюжэтаў, міфалагічных вобразаў. Істотна тое, што Адам Міцкевіч звяртаўся менавіта да беларускага фальклору. Паэт узяў беларускія легенды за сюжэтную аснову сваіх балад «Свіцязь», «Свіцязянка», «Рыбка», «Курганок Марылі», выкарыстаў сюжэт прымхі ў баладзе «Люблю я».

Беларуская песенная паэтыка заўважаецца ў баладах «Дудар», «Курганок Марылі». Шырока выкарыстоўваў Адам Міцкевіч казачных персанажаў: прывідаў («Рамантычнасць», «Люблю я»), русалак («Свіцязянка», «Рыбка»), чараўніка­чарнакніжніка («Тукай», «Пані Твардоўская»), злую бабу («Лілеі», «Пані Твардоўская»).

Звяртаўся паэт і да беларускай дэманалогіі — народных уяўленняў пра дэманаў, нячысцікаў, духаў і людзей, якія валодаюць звышнатуральнымі здольнасцямі. У яго тэкстах можна знайсці вобразы чорта як прайдзісвета, немчыка («Пані Твардоўская»), пякельнай здані («Люблю я», «Лілеі»).

Навукоўцы гавораць. Варта адзначыць яшчэ адзін цікавы матыў паэзіі ХІХ стагоддзя — каханне паміж чалавекам і фантастычнай істотай. У паэтычных творах з любоўнымі калізіямі самая папулярная міфалагічная істота — русалка ці, як варыянт, Лясная дзева, Марская каралева («Свіцязянка» Адама Міцкевіча; «Русалка-спакусніца», «Фантазія», «Рыбак», «Зачараваны край» Яна Баршчэўскага; «Абразок» Янкі Лучыны і інш.).

Адметна, што ў гэтых творах русалкі прывабліваюць каханых не смехам, як у рускай літаратурнай традыцыі, і не спевамі, як у еўрапейскай, а пераважна сваімі грацыёзнымі рухамі (Паводле Алы Брадзіхінай)


Сапраўднай скарбонкай беларускіх фальклорных вобразаў стала паэма «Дзяды», змест якой засноўваецца на беларускіх абрадах памінання продкаў. У паэме навідавоку вобраз рамантычнага героя Густава — індывідуаліста, бунтара, які выступае супраць несправядлівасці на зямлі і на небе.

Філаматы лічылі, што ў іх аўтарскіх творах павінен дакладна захоўвацца сюжэт народных легенд і паданняў, але Адам Міцкевіч быў перакананы, што аўтар мае права гэты сюжэт творча пераасэнсоўваць у адпаведнасці з мастацкай задумай.

Этапным творам 1820­х гадоў і гімнам цэламу пакаленню равеснікаў Адама Міцкевіча стала «Ода да маладосці». У ёй аўтар супрацьпаставіў рацыяналізму асветнікаў запал і энтузіязм юнацтва. Матыў супрацьпастаўлення маладосці і сталасці выяўляецца і ў «Песні філарэтаў». Сапраўдным маніфестам рамантызму стала балада «Рамантычнасць», у якой Адам Міцкевіч прапаноўваў спасцігаць «жывую праўду прыроды», дзеля чаго неабходна «мець сэрца і глядзець у сэрца» — кахаць і верыць.

Яшчэ адзін рамантычны герой паўстаў у паэме Адама Міцкевіча «Конрад Валенрод», надрукаванай у 1828 годзе. Фабула звязана з гістарычнымі падзеямі канца XIV стагоддзя: працягвалася вайна Вялікага Княства Літоўскага і Тэўтонскага ордэна, у адным з набегаў крыжакі ўзялі ў палон Альфа, сына літоўскага князя. З часам Альф прыняў імя Конрад, стаў магістрам ордэна, адпомсціў «ненавісным крыжакам» і разбурыў ордэн знутры. Конрад — «і ліс, і леў», і здраднік, і змагар. У вайне за Айчыну, як перакананы Адам Міцкевіч, усе сродкі добрыя. Намерам Конрада­Альфа спрыяе язычніцкі жрэц Гальбан. Магістр ордэна жывіцца таксама і каханнем да дачкі Кейстута Альдоны, прамовы якой («Песня Віліі», «Песня з вежы») — самыя яркія старонкі паэмы.

Для рамантызму характэрна засяроджанасць аўтара на фальклоры і міфалогіі, імкненне адлюстраваць рэчаіснасць праз створаны фантастычны свет казак і легенд. Рамантызм праяўляўся ў творчасці Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэнта Дуніна­ Марцінкевіча, з’яўляўся своеасаблівай візітоўкай Яна Баршчэўскага. У зборніку апавяданняў «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Ян Баршчэўскі, абапіраючыся на архаічную беларускую культуру, пры дапамозе алегорый і метафар расказваў пра нацыянальнае і палітычнае жыццё свайго краю, падказваў спосабы адрознення дабра ад зла. Пісьменнік не проста збіраў фальклор, але і ствараў яго, прыдумваў міфы, якія ўважлівы чытач мусіў расшыфроўваць.