Літаратура эпохі Адраджэння (XVI стагоддзе)

Пашырэнне гуманістычнага светаўспрымання і светаадчування

Гуманістычны светапогляд паступова пракладаў сабе дарогу. Гуманісты прапагандавалі свабоду розуму, выступалі супраць неабмежаванага панавання царкоўных догмаў, прапаноўвалі смелыя ідэі і ажыццяўлялі свае задумы. Менавіта на эпоху Адраджэння прыпадае дзейнасць Мікалая Каперніка, Галілеа Галілея, Джардана Бруна, філасофскія погляды і навуковыя адкрыцці якіх апярэджвалі свой час і станавіліся штуршком для развіцця еўрапейскай навуковай думкі.

Гуманісты-мастакі здолелі аб’яднаць хрысціянскую і антычную эстэтыку. Рэнесанс быў не проста вяртаннем да пластычна-скульптурнага ідэалу антычнасці, а яго пераўтварэннем, напоўненым хрысціянскай духоўнасцю. Бог сімвалічна называўся нябесным мастаком, аўтарам дасканалага твора — чалавека. Мерай каштоўнага і прыгожага ў зямным мастацтве стаў лічыцца чалавек, а талент творцы, умельца-рамесніка пачаў прызнавацца і высока цаніцца.