§ 1–1. Грамадска-палітычнае жыццё ў першай палове і сярэдзіне XIX ст.
1. Палітыка расійскага самадзяржаўя на тэрыторыі Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XIX ст.
Беларускія землі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай увайшлі ў склад Расійскай імперыі. На далучаных землях расійскі ўрад імкнуўся стварыць сабе апору сярод прывілеяваных саслоўяў: дваранства, духавенства, купецтва. Расійскаму ўраду на далучаных землях неабходна было ўлічваць імкненне шляхецкага саслоўя былой Рэчы Паспалітай да захавання свайго асаблівага прававога статусу. Для вырашэння грамадзянскіх спраў было дазволена карыстацца «мясцовымі законамі», калі яны не супярэчылі расійскім. На тэрыторыі Беларусі да 1840 г. працягваў дзейнічаць Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г.
Усё насельніцтва, за выключэннем сялянства, прыводзілася да прысягі на вернасць расійскай імператрыцы Кацярыне II. Тым, хто не хацеў гэтага рабіць, было прапанавана выехаць за мяжу. Большасць магнатаў і шляхты прысягнулі новай уладзе, захавалі зямельныя ўладанні і атрымалі правы, роўныя з правамі рускага дваранства. Але разам з тым яны пазбавіліся правоў, якія былі ў іх у часы Рэчы Паспалітай: права выбіраць манарха, аб’ядноўвацца ў канфедэрацыі, утрымліваць войска.
Была ўведзена расійская падатковая сістэма: замест ранейшага падатку з кожнага двара ўжываўся падушны — з кожнай душы мужчынскага полу. Уводзілася рэкруцкая павіннасць.
Новай з’явай ва ўрадавым курсе стаў «разбор шляхты», што прадугледжвала выключэнне з дваранскага саслоўя ў выпадку адсутнасці дакументаў, якія пацвярджалі б прыналежнасць да яго. Дробная шляхта, якая ў большасці сваёй такіх дакументаў не мела, пераводзілася ў разрад сялян альбо мяшчан. Гэтае мерапрыемства дазволіла расійскаму ўраду павялічыць колькасць плацельшчыкаў падаткаў і пастаўшчыкоў рэкрутаў, а таксама зменшыць колькасць прадстаўнікоў прывілеяванага шляхецкага саслоўя на новых землях.
У 1794 г., згодна з указам Кацярыны II, у беларуска-літоўскіх губернях была ўведзена мяжа яўрэйскай аселасці, у якой яўрэям-іўдзеям забаранялася пражываць па-за межамі гарадоў і мястэчак. Таксама ім забаранялася перасяляцца за граніцы губерняў, што ўваходзілі ў мяжу яўрэйскай аселасці.
У гарадах скасоўвалася магдэбургскае права, адмяняліся юрыдыкі. На беларускія гарады распаўсюджваліся прынцыпы расійскага гарадскога самакіравання.
Нягледзячы на даволі асцярожную палітыку, якая праводзілася расійскім урадам у пачатку XIX ст., значная частка апалячанай шляхты была незадаволена сваім становішчам.