*§ 19-20-0. Прафесіі ў сферы дзяржаўнага кіравання
Дзяржаўнае кіраванне — гэта дзейнасць органаў дзяржаўнай улады і іх службовых асоб па практычнай рэалізацыі выпрацаванага плана на карысць грамадства і дзяржавы.
Існуюць розныя падыходы да фармулявання асноўных прынцыпаў дзяржаўнага кіравання. Згодна з прававым падыходам ключавымі каштоўнасцямі дзяржаўнага кіравання з’яўляюцца каштоўнасці вяршэнства права, абароны правоў грамадзян. Палітычны падыход мае на ўвазе, што асноўнай задачай дзяржаўнага кіравання з’яўляецца максімальна лепшае ўвасабленне волі народа. Дзяржаўныя служачыя павінны быць палітычна адказныя (падсправаздачныя), успрыімлівыя да бягучых інтарэсаў грамадзян. Згодна з кіраўнічым падыходам асноўнымі каштоўнасцямі дзяржаўнага кіравання павінны быць эфектыўнасць, эканамічнасць, выніковасць і сацыяльная адказнасць. Асноўная праблема, якая ставіцца ў гэтым падыходзе, у тым, як забяспечыць патрэбны вынік з найменшымі затратамі або як атрымаць максімальны вынік пры зададзеных затратах. Характэрнай прыметай дадзенага падыходу з’яўляецца выкарыстанне паняцця «дзяржаўны менеджмент» (public management) у якасці сіноніма паняццю «дзяржаўнае кіраванне».
Дзяржаўнае кіраванне ажыццяўляецца дзяржаўнымі служачымі. Згодна з Законам «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь» (2003) пад дзяржаўнай службай разумеецца прафесійная дзейнасць асоб, што займаюць дзяржаўныя пасады, якая ажыццяўляецца з мэтай непасрэднай рэалізацыі дзяржаўна-ўладных паўнамоцтваў і (ці) забеспячэння выканання функцый дзяржаўных органаў.
Дзяржаўная пасада — гэта пасада, прадугледжаная заканадаўчымі актамі, або пасада, уведзеная ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку як штатная адзінка дзяржаўнага органа з пэўным для асобы, якая яе займае, колам абавязкаў па выкананні і забеспячэнні паўнамоцтваў дадзенага дзяржаўнага органа.
Дзяржаўным служачым з’яўляецца грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які займае ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку дзяржаўную пасаду, надзелены адпаведнымі паўнамоцтвамі і выконвае службовыя абавязкі за грашовае ўзнагароджанне са сродкаў рэспубліканскага ці мясцовых бюджэтаў або іншых прадугледжаных заканадаўствам крыніц фінансавання.
Згодна з заканадаўствам дзяржаўная служба ў Рэспубліцы Беларусь грунтуецца на наступных прынцыпах:
- • вяршэнства Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь;
- • служэння народу Рэспублікі Беларусь;
- • законнасці;
- • прыярытэту правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, гарантый іх рэалізацыі;
- • гуманізму і сацыяльнай справядлівасці;
- • адзінства сістэмы дзяржаўнай службы і яе дыферэнцыяцыі зыходзячы з канцэпцыі падзелу ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую;
- • галоснасці;
- • прафесіяналізму і кампетэнтнасці дзяржаўных служачых;
- • падкантрольнасці і падсправаздачнасці дзяржаўных служачых, персанальнай адказнасці за невыкананне або неналежнае выкананне імі сваіх службовых абавязкаў;
- • добраахвотнасці паступлення грамадзян на дзяржаўную службу;
- • роўнага доступу грамадзян да любых пасад у дзяржаўнай службе і прасоўвання па дзяржаўнай службе ў адпаведнасці з іх здольнасцямі, прафесійнымі ведамі і адукацыяй;
- • стабільнасці дзяржаўнай службы з мэтай забеспячэння пераемнасці ўлады;
- • эканамічнай, сацыяльнай і прававой абароненасці дзяржаўных служачых.
Дзеянне закона аб дзяржаўнай службе распаўсюджваецца на асоб, якія займаюць дзяржаўныя пасады ў:
- Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і іх сакратарыятах;
- Урадзе Рэспублікі Беларусь і яго Апараце;
- Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь і яго Сакратарыяце, Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь, іншых судах і іх апаратах;
- Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным сакратарыяце Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь, Кіраванні справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Службе бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншых дзяржаўных органах, што непасрэдна забяспечваюць дзейнасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
- органах Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органах пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь, Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў і яе апараце;
- міністэрствах, іншых рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, іх тэрытарыяльных падраздзяленнях;
- дыпламатычных прадстаўніцтвах, консульскіх установах і місіях Рэспублікі Беларусь;
- мясцовых Саветах дэпутатаў і іх апаратах, выканаўчых і распарадчых органах і іх апаратах;
- дзяржаўных натарыяльных канторах;
- мытных органах;
- іншых дзяржаўных органах.
Існуюць і пэўныя абмежаванні, звязаныя з дзяржаўнай службай. Так, дзяржаўны служачы не мае права:
- • займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю асабіста або праз іншых асоб, аказваць садзейнічанне мужу (жонцы), блізкім родзічам або сваякам у ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці, выкарыстоўваючы службовае становішча;
- • прымаць удзел асабіста або праз давераных асоб у кіраванні камерцыйнай арганізацыяй, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі;
- • выконваць іншую аплатную працу, не звязаную з выкананнем службовых абавязкаў па месцы асноўнай службы, акрамя педагагічнай (у частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм), навуковай, культурнай, творчай дзейнасці і медыцынскай практыкі;
- • выкарыстоўваць службовае становішча ў інтарэсах палітычных партый, рэлігійных арганізацый, іншых юрыдычных асоб, а таксама грамадзян, калі гэта разыходзіцца з інтарэсамі дзяржаўнай службы;
- • прымаць маёмасць (падарункі) або атрымліваць іншую выгаду ў выглядзе паслугі ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, за выключэннем сувеніраў, што ўручаюцца пры правядзенні пратакольных і іншых афіцыйных мерапрыемстваў. Атрыманыя дзяржаўнымі служачымі пры правядзенні пратакольных і іншых афіцыйных мерапрыемстваў сувеніры, кошт якіх перавышае пяць базавых велічынь, перадаюцца ў даход дзяржавы па рашэнні камісіі, што ствараецца кіраўніком дзяржаўнага органа, у якім дзяржаўны служачы займае дзяржаўную пасаду;
- • мець рахункі ў замежных банках, за выключэннем выпадкаў выканання дзяржаўных функцый у іншых краінах і іншых прадугледжаных заканадаўствам выпадкаў.
Права на паступленне на дзяржаўную службу маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі васямнаццацігадовага ўзросту, валодаюць дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь і адпавядаюць іншым патрабаванням, устаноўленым заканадаўчымі актамі аб дзяржаўнай службе. Пры паступленні на дзяржаўную службу, а таксама пры яе праходжанні не дапускаюцца якія-небудзь абмежаванні і (ці) перавагі ў залежнасці ад полу, расы, нацыянальнасці, сацыяльнага паходжання, маёмаснага становішча, стаўлення да рэлігіі, перакананняў, а таксама прыналежнасці да палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.
Кваліфікацыйнымі патрабаваннямі, што прад’яўляюцца пры паступленні на дзяржаўную службу, з’яўляюцца:
- • адпаведная адукацыя, за выключэннем выпадкаў, калі для дзяржаўнай пасады наяўнасць пэўнай адукацыі не патрабуецца;
- • неабходны стаж і вопыт працы па спецыяльнасці, за выключэннем выпадкаў, калі для дзяржаўнай пасады яны не ўстаноўлены;
- • валоданне дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь;
- • веданне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законаў у прымяненні да выканання адпаведных службовых абавязкаў.
Ва ўстановах вышэйшай адукацыі нашай краіны ажыццяўляецца падрыхтоўка па шэрагу спецыяльнасцей, звязаных з дзяржаўным кіраваннем.
Спецыяльнасць «Дзяржаўнае кіраванне»
Падрыхтоўка спецыяліста па дадзенай спецыяльнасці мае на ўвазе фарміраванне прафесійных кампетэнцый, якія ўключаюць веды і ўменні па распрацоўцы мерапрыемстваў па рэгуляванні сацыяльна-эканамічных працэсаў і адносін у сферы дзяржаўнага і гаспадарчага кіравання, а таксама стратэгій, прагнозаў і планаў развіцця арганізацый і іх структурных падраздзяленняў; прававым суправаджэнні дзяржаўных кіраўнічых працэсаў і тэхналогій, накіраваных на рашэнне задач дзяржаўнага і гаспадарчага кіравання; рэалізацыі прынцыпаў і напрамкаў дзяржаўнай кадравай і сацыяльна-эканамічнай палітыкі, падборы, расстаноўцы і падзелу працы паміж спецыялістамі і іншымі работнікамі арганізацый і іх структурных падраздзяленняў і інш.
Спецыяльнасць забяспечвае атрыманне кваліфікацыі «Эканаміст-менеджар».
Аб’ектамі прафесійнай дзейнасці спецыялістаў з’яўляюцца:
- • дзяржаўныя органы;
- • органы мясцовага кіравання і самакіравання ўсіх тэрытарыяльных узроўняў;
- • сацыяльна-эканамічныя сувязі і адносіны ў дзяржаве і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках;
- • працэсы ўзаемадзеяння чалавека, грамадства і дзяржавы.
Пасля заканчэння навучання выпускнікі вышэйназванай спецыяльнасці могуць займаць наступныя пасады:
- • эканаміст;
- • эканаміст па фінансавай працы.
Навучанне праводзіцца ва ўстановах адукацыі: УА «Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт».
Спецыяльнасць «Дзяржаўнае кіраванне і права»
Падрыхтоўка спецыяліста па дадзенай спецыяльнасці мае на ўвазе фарміраванне пэўных прафесійных кампетэнцый, якія ўключаюць веды і ўменні па распрацоўцы праектаў нарматыўнага правовага акта; кіравання працэсамі прыняцця нарматыўных актаў; рэалізацыі стратэгічных напрамкаў унутранага і знешняга палітычнага курсу дзяржавы; арганізацыі правапарадку і забеспячэння законнасці; ажыццяўлення правасуддзя і інш.
Спецыяльнасць забяспечвае атрыманне кваліфікацыі «Юрыст».
Пасля заканчэння навучання выпускнікі вышэйназванай спецыяльнасці могуць займаць наступныя пасады:
- • юрыст;
- • юрысконсульт;
- • кансультант натарыяльнай канторы;
- • стажор натарыуса;
- • стажор суддзі;
- • следчы.
Навучанне праводзіцца ва ўстановах адукацыі: УА «Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь», Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Спецыяльнасць «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка»
Падрыхтоўка спецыяліста па дадзенай спецыяльнасці мае на ўвазе фарміраванне пэўных прафесійных кампетэнцый, якія ўключаюць веды і ўменні па распрацоўцы прагнозных і планавых дакументаў, што адлюстроўваюць развіццё аб’екта кіравання на доўга-, сярэдне- і кароткатэрміновы перыяд; забеспячэнні выканання мэт, задач і дасягненні намечаных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця аб’ектаў кіравання; аналізе і ацэнцы вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця кіруемага аб’екта.
Сферамі прафесійнай дзейнасці з’яўляюцца:
- • дзяржаўнае кіраванне;
- • навука;
- • адукацыя;
- • сацыяльна-эканамічнае кіраванне.
Спецыяльнасць забяспечвае атрыманне кваліфікацыі «Эканаміст-менеджар».
Пасля заканчэння навучання выпускнікі вышэйназванай спецыяльнасці могуць займаць наступныя пасады:
- • эканаміст;
- • эканаміст па фінансавай працы.
Навучанне праводзіцца ва ўстановах адукацыі: Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Спецыяльнасць «Дзяржаўнае і ваеннае кіраванне»
Ваеннае кіраванне заключаецца ў пастаяннай мэтанакіраванай дзейнасці службовых асоб органаў дзяржаўнага кіравання, цэнтральных органаў ваеннага кіравання, іншых органаў ваеннага кіравання па: будаўніцтве і развіцці элементаў ваеннай арганізацыі дзяржавы; падрыхтоўцы да выканання задач па прызначэнні; падтрыманні баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці войскаў (сіл), іх усебаковым забеспячэнні; кіраўніцтве ваеннай арганізацыяй дзяржавы пры выкананні задач у адпаведнасці з прызначэннем у мірны час і ў ходзе вядзення ваенных дзеянняў.
Спецыяльнасць забяспечвае атрыманне кваліфікацыі «Спецыяліст у галіне кіравання».
Аб’ектамі прафесійнай дзейнасці выпускніка факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл установы адукацыі «Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь» з’яўляюцца:
- органы дзяржаўнага і ваеннага кіравання;
- віды Узброеных Сіл;
- роды войскаў;
- спецыяльныя войскі;
- іншыя войскі і воінскія фарміраванні;
- ваенна-навучальныя ўстановы;
- арганізацыі Узброеных Сіл.
Пералік пасад вызначаецца нарматыўнымі прававымі актамі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.