*§ 18-1. Органы забеспячэння законнасці і правапарадку
Сістэма органаў забеспячэння законнасці і правапарадку.
Закон «Аб барацьбе з карупцыяй» (2015)
Артыкул 1. Асноўныя тэрміны і іх азначэнні, што прымяняюцца ў гэтым Законе
У гэтым Законе прымяняюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх азначэнні:
карупцыя — наўмыснае выкарыстанне дзяржаўнай службовай ці прыраўнаванай да яе асобай або замежнай службовай асобай свайго службовага становішча і звязаных з ім магчымасцей з мэтай супрацьпраўнага атрымання маёмасці ці іншай выгады ў выглядзе работы, паслугі, пратэжыравання, абяцання перавагі для сябе або для трэціх асоб, а таксама подкуп дзяржаўнай службовай ці прыраўнаванай да яе асобы або замежнай службовай асобы шляхам прадастаўлення ім маёмасці ці іншай выгады ў выглядзе работы, паслугі, пратэжыравання, абяцання перавагі для іх або для трэціх асоб з тым, каб гэта дзяржаўная службовая ці прыраўнаваная да яе асоба або замежная службовая асоба здзейснілі дзеянні ці ўстрымаліся ад іх здзяйснення пры выкананні сваіх службовых (працоўных) абавязкаў, а таксама здзяйсненне ўказаных дзеянняў ад імя або ў інтарэсах юрыдычнай асобы, у тым ліку замежнай.
Артыкул 6. Дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй
Барацьбу з карупцыяй ажыццяўляюць органы пракуратуры, унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі.
Дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, рашаюць задачы, што стаяць перад імі, самастойна і ва ўзаемадзеянні паміж сабой, з іншымі дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі, а таксама пры садзейнічанні грамадзян Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 7. Паўнамоцтвы Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у сферы барацьбы з карупцыяй
Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь з’яўляецца дзяржаўным органам, адказным за арганізацыю барацьбы з карупцыяй.
З мэтай забеспячэння арганізацыі барацьбы з карупцыяй Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь:
акумулюе інфармацыю пра факты, якія сведчаць аб карупцыі;
аналізуе эфектыўнасць мер, што прымяняюцца па супрацьдзеянні карупцыі;
каардынуе праваахоўную дзейнасць іншых дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй;
ажыццяўляе нагляд за выкананнем кіраўнікамі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый патрабаванняў гэтага Закона і іншых актаў заканадаўства ў сферы барацьбы з карупцыяй і ў выпадку выяўлення правапарушэнняў прымае меры па прыцягненні асоб, што іх здзейснілі, да адказнасці, устаноўленай заканадаўчымі актамі;
рыхтуе прапановы па ўдасканаленні прававога рэгулявання барацьбы з карупцыяй; ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў сферы барацьбы з карупцыяй, устаноўленыя заканадаўчымі актамі…